21 апреля состоится собрание пчеловодов

Новости района

Неверагодна, але факт – чацвёра сыноў было ў жыхара вёскі Гарані Сокараўскага сельсавета Івана Андрэевіча Краско. І ўсе загінулі ў пару ваеннага ліхалецця.


Вясной 1939 года лётчыка Сяргея Іванавіча Краско разам з іншымі лётчыкамі і тэхнікамі транспартным самалётам перакінулі з Чыты ў Манголію – ваенны канфлікт паміж Японіяй і Манголіяй набіраў абароты, Квантунская армія ўжо была на тэрыторыі апошняй.


Там, на аэрадроме, іх ужо чакалі новыя знішчальнікі «І-16». Некалькі трэніровачных палётаў – і на раку Халхін-Гол, дзе працягвалася падрыхтоўка да баявых дзеянняў. Яна ўвабрала ў сябе тры тыдні. З ранку да позняга вечара аэрадром 56-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка гудзеў, бы ўстрывожаны вулей. На ўсіх пляцоўках, ва ўсіх эскадрыллях кіпела напружаная работа. Пад кіраўніцтвам баявых лётчыкаў праводзіліся азнаямленчыя палёты, вывучаліся тактычныя прыёмы японскай авіяцыі, адпрацоўваліся ўсе элементы паветранага бою. Вучыўся гэтаму і 24-гадовы лётчык старшына Сяргей Краско.


Нарэшце, тэорыя скончылася і пачаліся суровыя будні. На бамбардзіроўку японскіх пазіцый даводзілася вылятаць па тры-чатыры разы за дзень. Вораг быў вопытным, спрактыкаваным і каварным. Але і нашы лётчыкі паказвалі сваё ўменне і спрыт. Ды так, што толькі трэскі ляцелі ад іх самалётаў, асабліва на другім этапе барацьбы, калі перавага была на баку «сталінскіх сокалаў». Сяргей захапляўся майстэрствам аднапалчан: малодшага лётчыка Віктара Мікалаевіча Юганава, які за ліпень–жнівень 1939 года зрабіў 120 баявых вылетаў і збіў 3 японскіх самалёты, камандзірам звяна Валяр’янам Аляксандравічам Яманавым, які збіў чатыры варожыя самалёты, а ў далейшым служыў памочнікам камандзіра палка, камандзірам звяна Аляксандрам Фёдаравічам Мошыным, на рахунку якога было 100 баявых вылетаў і два збітыя японскія самалёты асабіста і тры ў групе. Апошнія два былі камандзірамі эскадрылляў, у складзе якіх ваяваў і наш зямляк. Гэтыя лётчыкі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза ў жніўні 1939-га.


Звестак пра ўдзел Сяргея Іванавіча Краско ў вызваленні Манголіі ад японскіх захопнікаў практычна няма. За выключэннем кнігі «Памяць Расійскай Федэрацыі, т. 1» (блок 33). Там напісана наступнае: «Краско Сяргей Іванавіч, лётчык, старшына, 56-ы (хуткасны бамбардзіровачны авіяцыйны полк) 100-й хбабр (хуткаснай бамбардзіровачнай авіяцыйнай брыгады), 1915 г. н., нар. у в. Гарані Сокараўскага с/с Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Бацька – Іван Андрэевіч, там жа. Прызваны Бешанковіцкім РВК. Загінуў у баі ля р. Халхін-Гол 20 жніўня 1939 года. Пахаваны ў брацкай магіле ў 3-5 км паўн. выш. Тамцак-Булак. Узнагароджаны ордэнам Леніна».


Няма і ўзнагароднага ліста з апісаннем яго подзвіга. А ў тым, што ён быў здзейснены С. І. Краско, сумненняў няма – ордэн Леніна так проста не давалі, нават пасмяротна. А толькі калі Сяргей Іванавіч ім быў узнагароджаны: перад гібеллю ці пасля яе – невядома. У спісе лётчыкаў, якія мелі на сваім рахунку хаця б адзін збіты ў небе Манголіі самалёт, прозвішча Краско адсутнічае. Тады за што ён атрымаў ордэн такой вартасці? Пакуль невядома.


Васіль Іванавіч нарадзіўся ў 1919 або ў 1920 годзе. Член ВЛКСМ. У Чырвоную Армію быў прызваны ў 1940-м годзе Бешанковіцкім РВК. Па адных звестках трапіў у пагранічныя войскі, ваяваў і загінуў у Брэсцкай крэпасці ў 1941-м. Па іншых звестках, яго франтавы адрас – паштовая скрыня №845/5. Запісаны ён як апошняе месца службы Васіля Іванавіча Краско, адносіцца да чэрвеня 1941 года і датычыцца г. Чарнаўцы, што на Украіне, і прапаў ён без вестак у чэрвені 1943 года.


На гэтым сляды нашага земляка губляюцца і дакладна невядома дзе ж ён ваяваў і калі загінуў?


Трэці сын, Пётр Іванавіч Краско, нарадзіўся ў 1923 годзе, член ВЛКСМ, з 1943 года ваяваў у партызанах, у 1944-м быў прызваны ў дзеючую армію, загінуў на фронце ў 1945 годзе.


Апошні сын Івана Андрэевіча Краско – Сцяпан, нарадзіўся ў 1925 годзе, з 1943 года ваяваў з ворагам у партызанах, потым быў прызваны на службу ў рады дзеючай арміі. Чырвонаармеец 992-га стралковага палка 306-й стралковай Рыбшаўскай дывізіі С. І. Краско загінуў на фронце 28 студзеня 1945 года. Пахаваны на брацкіх могілках №1, размешчаных паблізу м. Калету, воласць Калету, павет Любаве (Лібава), Латвія.


Больш дакладных звестак пра жыццё і франтавыя будні землякоў у распараджэнні аўтара няма, як няма і іх фотаздымкаў. Але надзею ўсё гэта мець не губляем. Можа хто з родных адгукнецца і дапаможа?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *