Участник Брусиловского прорыва

Наш бешенковичский край

Нялёгкі жыццёвы шлях прыйшлося прайсці простаму сялянскаму хлопцу з вёскі Сініцы Соржыцкага сельсавета Фёдару Цярэнцьевічу Ласякіну. Гэта быў шлях, поўны барацьбы, перамог і паражэнняў.
  Фёдар Ласякін нарадзіўся ў 1893 годзе ў сям’і бедняка-батрака. Але як бы матэрыяльна цяжка ні было Цярэнцію Ласякіну, ён усё ж даў магчымасць сыну прайсці праз першы «ўніверсітэт» – скончыць царкоўна-прыходскую школу ў вёсцы Соржыца. «Бацькі ўжо бачылі Фёдара ў рызах боскага служкі з крыжам на грудзях. Асабліва гэтага хацела маці. Праўда, хлопца такая перспектыва зусім не цікавіла, – пісаў пазней у сваіх успамінах аўтару гэтых радкоў родзіч Фёдара і тагачасны старшыня Соржыцкага сельсавета Васіль Сцяпанавіч Ласякін. – I 14-гадовы юнак падаўся ва Уладзівасток…». Тут на пасадзе грузчыка мясцовага порта  і пачалася працоўная біяграфія ўраджэнца прыдзвінскага краю.
  Калі настала пара службы, Ласякіна прызвалі ў царскую армію, якая ўжо вяла баі на германскім фронце ў час імперыялістычнай вайны. У акопах яму ўдосталь давялося надыхацца парахавым дымам на Паўднёва-Заходнім фронце Першай сусветнай вайны, удосталь спазнаць радасць перамог і горыч паражэнняў, а ў іх – безліч нічым неабгрунтаваных страт.
  Камандаваў фронтам вядомы рускі ваенны дзеяч, генерал А. А. Брусілаў. Пад яго кіраўніцтвам наш зямляк прымаў удзел у знакамітым «Брусілаўскім прарыве» аўстра-германскага фронту – наступальнай аперацыі, праведзенай з 3 чэрвеня па 22 жніўня 1916 года, у ходзе якой было нанесена паражэнне арміям Аўстра-Венгрыі і Германіі і заняты Букавіна і Усходняя Галіцыя. Гэта перамога (яна аказалася  часовай) зрабіла вялікі ўплыў на вынік ваенных дзеянняў на руска-германскім фронце, паставіла камандуючага ў шэраг вядомых ваеначальнікаў 1-й сусветнай вайны.
  Пасля перамогі  Кастрычніцкай рэвалюцыі Фёдара Ласякіна накіроўваюць у Петраград на курсы першых чырвоных камісараў. Але ў вучобе нечакана  наступіў  перарыў – пачалася грамадзянская вайна і на Петраград рушылі войскі генерала Юдзеніча. Наш зямляк разам з іншымі курсантамі стаў на абарону горада на Няве. У баях на лёдзе Фінскага заліва загінула шмат курсантаў, але Петраград адстаялі. У гэтай мясарубцы Ласякіна толькі цуд уратаваў ад смерці і нават ранення. Потым была зноў вучоба.
  Пасля яе заканчэння земляка накіроўваюць у дзеючую армію на пасаду камісара палка – грамадзянская ж вайна яшчэ працягвалася. А неўзабаве вопытнага палітработніка  адзываюць у Маскву ў распараджэнне Саўнаркама. 3 мандатам упаўнаважанага Савета Народных Камісараў Фёдар Ласякін наведвае шэраг губерняў Расіі, у тым ліку і Архангельскую, з адной  мэтай – нарыхтоўка прадуктаў харчавання для маладой Чырвонай   Арміі. А ў пачатку 20-х гадоў бальшавік Фёдар Цярэнцьевіч Ласякін (у партыю Леніна ён уступіў у 1916 годзе) вяртаецца на радзіму. Тут ён узначальвае толькі што створаны (пасля рэарганізацыі валасцей) сельвыканкам у родных Сініцах. Размясціўся ён у хаце бацькоў Ласякіна.
  Потым зноў была Масква. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца архіўная даведка наступнага зместу: «Дадзена Ласякіну Фёдару Цярэнцьевічу ў тым, што ён сапраўды працаваў у якасці бетоншчыка на будаўніцтве Маўзалея У. I. Леніна ў Канторы жалезабетонных работ трэста «Масбуд» з 2-га кастрычніка 1929 г. па 12 чэрвеня 1930 г.».
  Але на радзіме пачынае пульсаваць новае жыццё. Апынуўшыся ў родных Сініцах, ён прымае актыўны ўдзел у арганізацыі калгаса «Чырвоныя Сініцы», разам з братам першым уступае ў новую калектыўную гаспадарку і клікае за сабой аднавяскоўцаў. Яму вераць, камунараў становіцца больш, «Чырвоныя Сініцы» абжываюцца абагульненым земляробчым інвентаром, жывёлай, насеннем. Паспяхова праходзіць першая пасяўная. За ёй другая, трэцяя… У Сініцах ён пазнаёміўся з дзяўчынай Насцяй. Пажаніліся, пайшлі дзеці: сыны Анатоль, Аркадзь, дочкі Іна, Раіса…
  I яшчэ раз праз жыццёвы лёс Фёдара Цярэнцьевіча пройдзе Масква, калі для Фёдара пачнецца трэцяя па ліку вайна – на гэты раз Вялікая Айчынная. На жаль, гэта сустрэча будзе апошняй у біяграфіі Ф. Ц. Ласякіна. Здарыцца гэта ў  яе самым пачатку, калі наш зямляк, не чакаючы першай мабілізацыі ў раёне, па ўласнай ініцыятыве і закліку сэрца добраахвотнікам адразу адправіцца на фронт. Яму даручаць камандаваць узводам войск НКУС, які  будзе абараняць Маскву ў самыя цяжкія для яе дні. Абараняць мужна і рашуча. Тут  напаткае яго варожая куля… Дзяцей адна падымала, ставіла на ногі, давала пуцёўку ў жыццё яго верная спадарожніца Анастасія Ігнатаўна.
  Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння знакамітага земляка. Але памяць пра яго жыве ва ўдзячнай памяці нашчадкаў: дзяцей, унукаў, праўнукаў. Можна смела сказаць, што ўсе яны атрымалі ў спадчыну лепшыя маральныя якасці роднага чалавека. Высокім аўтарытэтам карыстаўся ў калектыве аўтакалоны №2432 г. Віцебска вадзіцель Анатоль  Фёдаравіч Ласякін. Ён неаднаразова  пацвярджаў ганаровае званне «Лепшы па прафесіі», яго фота змяшчалася на Дошцы гонару аўтакалоны. Тое ж самае можна сказаць і пра вадзіцеля,  кавалера ордэна «Знак Пашаны» Аркадзя Фёдаравіча Ласякіна. Знакаміты ў Віцебску чалавек і Іна Фёдараўна Ласякіна (Бізунова). Яна таксама ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». Такой узнагародай адзначана ўзорная праца і яе мужа Уладзіміра Пятровіча Бізунова, камуніста з вялікім партыйным стажам. Раіса Фёдараўна Ласякіна (Ігнаценка) працавала аператарам на заводзе імя Кірава. Таксама паважаны ў калектыве чалавек.
  Добрых сыноў і дачок вырасцілі дзеці Фёдара Цярэнцьевіча Ласякіна. Старэйшы сын  Бізуновых – Віктар Уладзіміравіч – доўга працаваў брыгадзірам на заводзе імя Кірава. Браты-блізняты Фёдар і Сяргей служылі ў Афганістане, маюць медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Першы быў камандзірам гарматы, другі – мінёрам. Фёдар працаваў у брыгадзе свайго старэйшага брата Віктара, Сяргей – па накіраванні ў органах унутраных спраў Кастрычніцкага раёна. Словам, дынастыя Ласякіных –   дастойныя прадаўжальнікі спраў Фёдара Цярэнцьевіча і Анастасіі Ігнатаўны.
Анатоль Крачкоўскі.