Зажынкі — 2013 на Бешанковіччыне

Заботы сельские

У сераду ў нашым раёне дадзены афіцыйны старт уборачнай кампаніі-2013. У гэтым годзе традыцыйнае свята першага снапа – «Зажынкі» – прайшло на шчодрых землях ААТ «Бачэйкава-Агра» (на здымкe). Толькі што зжаты ўчастак ператварыўся ў святочна аформленую пляцоўку для імпрэзы. Сабраліся тут не толькі віноўнікі ўрачыстасці – хлебаробы мясцовай гаспадаркі, але і кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Бешанковіччыны.

З пачаткам уборкі збожжавых прысутных павіншаваў старшыня райвыканкама Л. К. Пянькоўскі. У сваёй прывітальнай прамове Леанід Канстанцінавіч адзначыў, што хлеб у засеках – багацце, дзеля якога земляроб працуе, не пакладаючы рук, на працягу ўсяго года. Па важкасці намалотаў судзяць аб заможнасці гаспадара, гаспадаркі, раёна, краіны ў цэлым. Галоўнае, каб цяпер не падвялі тэхніка і надвор’е, усё астатняе – справа рук вяскоўцаў, настроеных сабраць хлеб як мага хутчэй і без страт, упэўнены кіраўнік раёна. Л. К. Пянькоўскі пажадаў усім удзельнікам жніва моцнага здароўя, працоўных дасягненняў і сілы духу.


Па традыцыі першы сноп са спелых каласкоў, зжаты пад абрадавыя песні, быў паднесены старшыні райвыканкама, а каравай новага ўраджаю – яго першаму намесніку, начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневічу.


Так, хлеб атрымаўся на славу! Але працы яшчэ шмат. У раёне трэба будзе ўбраць 19422 гектары збожжавых культур. На палі выйдуць каля 80 камбайнаў, і кожнаму з іх у сярэднім неабходна зжаць 273 гектары. Вырашаны пытанні безаварыйнай эксплуатацыі ўборачнай і сушыльнай тэхнікі, арганізавана гарачае харчаванне занятых на ўборачных работах, медыцынскае, гандлёвае, бытавое абслугоўванне людзей, якія выйшлі на перадавую жніва.


Благаславенне на плённую працу механізатары і вадзіцелі атрымалі ад айца Віталя. Ён выказаў надзею, што вырашчаны хлеб будзе сабраны з мірам, у тэрмін і без страт.


Творчае натхненне ўдзельнікам жніва надалі выступленні прадстаўнікоў творчых калектываў Прыдзвіння.


А затым была дана каманда пачынаць уборку ўраджаю, і камбайны выйшлі ў поле. Далейшы поспех агульнай справы цяпер будзе залежаць ад мудрасці,працавітасці, арганізаванасці, умення і майстэрства, працоўнай дысцыпліны і зладжанасці аграрыяў і іх памочнікаў. Мы верым і спадзяёмся, што хлебны каравай Бешанковіччыны будзе важкім укладам у агульны ўраджай Беларусі.