О годах, проведённых в блакадном Ленинграде рассказывает Э. Д. Васильева

Они живут рядом

22 чэрвеня – дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкая і сумная гэта дата для беларускай зямлі, якая панесла вялікія страты. І толькі памяць можа дапамагчы захаваць для пакаленняў вялікі подзвіг народа, які выцерпеў у той страшнай вайне. Сваімі ўспамінамі з чытачамі раёнкі падзялілася Эльвіра Дзмітрыеўна Васільева, якая ў раннім дзяцінстве перажыла вельмі цяжкія выпрабаванні.
     – Нарадзілася я 29 сакавіка 1937 года, – расказвае Эльвіра Дзмітрыеўна, – у паселішчы Неўская Дуброўка, што на правым беразе Нявы каля Ленінграда. Сям’я ў нас была інтэлігентная: мама працавала зубным урачом, а бацька быў выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў. Калі пачалася вайна, я была зусім малой. Бацька наш пайшоў на фронт ваяваць, а мы з маці засталіся ў блакадным Ленінградзе. Тры гады пражылі ў голадзе і холадзе, але дзякуючы шчасліваму выпадку апошні эшалон, які перапраўляў людзей праз Ладажскае возера, забраў і нас з маці.
     У маёй памяці захавалася не так многа ўспамінаў пра блакаду і Вялікую Айчынную вайну. Памятаю, напрыклад, як ваенны афіцэр даў маці грошай, каб яна купіла мне ляльку. Помню, як мы прыехалі да бацькі ў шпіталь, а ён плакаў, у яго з-пад падушкі ўкралі скарынкі хлеба, якія ён бярог для нас. Помню, як баялася, калі маці пакідала мяне болей чым на пяць хвілін, ужо тады я ведала, што яна магла ніколі не вярнуцца.
     Бацька Эльвіры Дзмітрыеўны не вярнуўся з фронту, таму ім з маці прыйшлося вельмі цяжка. У сорак сёмым годзе маленькую Эльвіру маці адправіла да сваёй сястры на Прыдзвінне. Дзяўчынка пасля заканчэння школы паступіла ў медыцынскі інстытут і вярнулася працаваць у  Бешанковіцкую цэнтральную раённую бальніцу.
     Тут яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Валерыем Барысавічам. Усё сваё жыццё Э. Д. Васільева прысвяціла медыцыне. За плённую працу жанчына ўзнагароджана знакам «Выдатнік аховы здароўя», а за жыццё ў блакадным Ленінградзе – знакам «Жыхара блакаднага Ленінграда».
     Напярэдадні свята Эльвіра Дзмітрыеўна выказала свае пажаданні  сучаснай моладзі:
     – Сёння многія маладыя людзі забываюць мінулае свайго народа. – Для людзей, якія бачылі вайну, сіроцтва і голад, памяць – гэта не проста ўспаміны. Вельмі хацелася б назаўсёды захаваць звесткі пра той вялікі подзвіг, дзеля якога было аддадзена не адно жыццё.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *