1600 гектараў давядзецца ўбраць сёлета земляробам ААТ Бачэйкава-Агра

Заботы сельские

Вялікае кармавое поле давядзецца ўбраць сёлета земляробам ААТ «Бачэйкава-Агра»–1600 гектараў.


– Касавіцу пачалі некалькі дзён назад, – расказвае галоўны аграном прадпрыемства Святлана Валянцінаўна Дзятлоўская, з якой сустрэліся ў збожжасховішчы. – Прыпар напружаны, таму на полі нашы механізатары знаходзяцца з пяці гадзін раніцы і да дзесяці вечара. Яны працуюць рупліва, ніхто не лайдачыць, паколькі кожны з удзельнікаў корманарыхтоўкі добра разумее важнасць і адказнасць моманту. У гэтым можам пераканацца, калі наведаемся на шышоўскае поле. Там ва ўсю ідзе ўборка траў…


У канцы вёскі Шышова «УАЗік» асцярожна збочвае з накатанай вясковай вуліцы на сцяжынку, якую па высокай траве праклала машынна-трактарная тэхніка. Ужо здалёк бачны высокія «насы» двух «КВК», а пад’ехаўшы бліжэй, заўважылі і агрэгат, які зграбаў у валкі правяленую зялёную масу.


Ідзём да механізатараў. На хаду кіраўнік агранамічнай службы гаспадаркі працягвае сыпаць лічбамі:


– На стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя неабходна назапасіць 18 тысяч тон сенажу, 16 – сіласу, 900 тон сена. Гэта з улікам толькі што далучанай да «Бачэйкава» яшчэ адной гаспадаркі – сельгаспрадпрыемства «Нізгалава». Як бачна, лічбы ўнушальныя. І толькі добры травастой можа дапамагчы нам паспяхова выканаць пастаўленую задачу. Праўда, на гэтым полі ў 15 гектараў трава не вельмі густая – перашкодзілі адсутнасць доўгі час дажджоў і недахоп угнаенняў. На палетках заняты 4 адзінкі тэхнікі на адвозцы, столькі ж касілак, 2 «КВК» і адны граблі…


Трактарысты адзін за другім заглушылі тэхніку – апошні колавік з поўным кузавам духмянай травы толькі што ўзяў накірунак да сянажнай ямы ля фермы «Барацьба». Знаёмімся з корманарыхтоўшчыкамі. Першы – Аляксандр Васільевіч Апанасёнак, трактарыст ледзь не з 25-гадовым механізатарскім стажам.


– Вопыту мне сапраўды не займаць, – уступае ён у гаворку, – але не ўсё ад нас на полі залежыць. Тут гаспадарыць яе Вялікасць Надвор’е. Здаецца, на працу настроішся, і работа ідзе гладка, а тут неба ўвачавідкі спахмурнее і пасыпле дождж. І ўвесь энтузіязм дарэмны…


У Сцяпана Іванавіча Данілава стажу меней – усяго 10 гадоў, але ён таксама занепакоены станам надвор’я. Што датычыць прадукцыйнасці працы, то яна знаходзіцца на высокім узроўні.


На полі ўвесь час з механізатарамі і малады аграном Сяргей Анатольевіч Рогаў.


– Другі год у гаспадарцы. Скончыў Смальянскі дзяржаўны агранамічны коледж, – ахвотна дзеліцца 22-гадовы спецыяліст. – Але спыняцца на дасягнутым не буду, таму вучуся завочна на 3-м курсе Беларускай сельгасакадэміі. Набытыя веды абавязкова спатрэбяцца для больш надзейнай і эфектыўнай работы ў полі. Далі кватэру, пакуль не жанаты…


Механізатараў кормяць у полі два разы – у абед і вечарам. На якасць харчавання нараканняў у іх няма. Ды і надвор’е ў гэты дзень спрыяла – сонейка прыгравала, на небе – ні хмурынкі. Толькі працуй!


Два буслы ў пошуках корму з краю ў край няспешна мераюць скошаны палетак. У іх таксама наладжана назапашванне. А тым часам вяртаюцца адвозчыкі – адна, другая…, чацвёртая адзінка тэхнікі. Праз гадзіну ўсё скошанае будзе дастаўлена на пастаяннае месца захоўвання. Потым механізатары пераедуць за вёску Промыслы, дзе аналагічная работа іх чакае ўжо на 50-гектарнай плошчы.


– А ці дапамагаюць шэфы? – цікавімся ў Святланы Валянцінаўны. – Кусок работы ж ладны трэба выканаць, а сваіх працоўных рук і тэхнікі не хапае…


– Ёсць шэфы з Віцебска са сваёй тэхнікай, мясцовыя меліяратары таксама не засталіся ўбаку ад важнай справы – чым могуць, тым і дапамагаюць, – гаворыць Дзятлоўская і садзіцца ў машыну.


Так, ёй і перадыхнуць некалі – трэба ехаць на новы ўчастак работы. А гэты ўжо на завяршэнні.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *