6 снежня страхавыя работнікі Бешанковіцкага раёна адзначылі сваё прафесійнае свята

В трудовых коллективах

Пакараючы алімпійскія вяршыні, кіруючы ўласнай справай, седзячы за рулём аўтамабіля, падарожнічаючы або купляючы новую рэч, чалавек рызыкуе. Рызыкуе ўласным матэрыяльным дабрабытам, часам, здароўем, вынікамі сваёй працы і дзелавой рэпутацыяй. Кампенсаваць страты чалавеку абавязкова дапаможа Белдзяржстрах.


Пералік паслуг, якія аказвае яго прадстаўніцтва па Бешанковіцкім раёне, дастаткова шырокі. Гэта страхаванне кватэр, дамоў, жывёлы і транспарту, жыцця і здароўя, ад няшчасных выпадкаў у быце і на вытворчасці. З кожным годам усё больш і больш людзей прыходзіць да думкі аб тым, каб застрахаваць сябе і сваю маёмасць ад небяспекі, паколькі больш эфектыўнага спосабу абароны ад усемагчымай рызыкі чалавецтва пакуль не прыдумала. Страхавыя агенты Прыдзвіння гатовыя даць магчымасць выкарыстаць гэтыя паслугі, паказаць, расказаць і працаваць без выхадных і святаў усе сем дзён у тыдзень, толькі б гэта было выгадна кліентам.


З якімі паказчыкамі ў сваёй прафесійнай дзейнасці сустракае свята наша прадстаўніцтва?


Мяркуйце самі. З пачатку года тэмп росту паступленняў страхавых узносаў па добраахвотных відах страхавання склаў 124,5 працэнта да ўзроўню мінулага года, а па ўсіх прагназуемых відах – 124 працэнты. На аднаго жыхара раёна заключана 0,7 дагавора. Гэты паказчык самы высокі ў Віцебскай вобласці.


За дадзены перыяд фізічным і юрыдычным асобам выплачана па ўсіх відах страхавання 3,9 мільярда рублёў. Рост выплат у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года па ўсіх відах страхавання склаў 159,4 працэнта. Узровень ахопу насельніцтва раёна страхаваннем у разрэзе відаў па рэйтынгу Віцебскай вобласці таксама адзін з самых высокіх.


– Работа страхавых агентаў – самы складаны ўчастак нашай паўсядзённай дзейнасці, – расказвае дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Бешанковіцкім раёне Ірына Іванаўна Шавель. – І нездарма яго ўзначальвае такі вопытны чалавек, як Ніна Анатольеўна Семяніда. Яна праводзіць агляды пашкоджанай маёмасці грамадзян пры наступленні страхавых выпадкаў, робіць разлікі выплат страхавой кампенсацыі і забеспячэння. Жанчына – адна з самых кваліфікаваных спецыялістаў, дасканала ведае страхавую справу. У калектыве карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам. З такімі адказнымі работнікамі і кіраваць лёгка. Таму невыпадкова Ніна Анатольеўна за сваю ўзорную працу напярэдадні прафесійнага свята адзначана Ганаровай граматай Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў.


Мы сустрэліся з Н. А. Семяніда і папрасілі яе адказаць на некалькі пытанняў.


– У калектыў страхавых работнікаў я прыйшла на пасаду інспектара звыш 30 гадоў назад, – расказвае Ніна Анатольеўна. – Завочна скончыла Смаленскі эканамічны тэхнікум. На маім участку працуюць сем чалавек. Цякучасці кадраў няма, што дазваляе працаваць актыўна, зладжана і ўзнаўляць практычна ўсе дагаворы. Самымі вопытнымі работнікамі сярод страхавых агентаў з’яўляюцца Вера Міхайлаўна Круціліна з вярхоўскага, Людміла Мікалаеўна Зяньковіч з астровенскага ўчасткаў. З маладых страхавых работнікаў мне імпануюць адносіны да справы Святланы Пятроўны Гаськовай са свячанскага ўчастка. Жанчына больш года працуе ў нашай сферы, але ўжо многа чаго станоўчага дабілася. Вельмі адказны і акуратны ў страхавой справе чалавек.


Што датычыцца калектыву прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Бешанковіцкім раёне ў цэлым, то ён налічвае ўсяго 25 чалавек. Кожны з работнікаў хварэе за даручаны ўчастак работы і канчатковы вынік. Гэта, безумоўна, дапамагае агульнай справе – эфектыўна працаваць і дабівацца канкрэтных вынікаў у працы. А яны з году ў год знаходзяцца на высокім узроўні. І сёлета таксама.


Прафесія страхаўшчыка з’явілася яшчэ ў старажытнасці і не губляе сваёй актуальнасці ў нашы дні, бо чалавеку заўсёды будзе ўласціва баяцца страціць тое, што дорага. Страхаўшчык, хоць і не можа абараніць чалавека ад небяспекі, але гарантуе кампенсацыю страт, стаіць на варце інтарэсаў кліента і аказвае яму падтрымку ў цяжкія мінуты.


Застаецца павіншаваць работнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху з надыходзячым прафесійным святам, пажадаць далейшых поспехаў у іх нялёгкіх паўсядзённых справах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *