15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

Событие

Шлях у Афганістан для Ігара Спірыдовіча пачаўся ў Бярэзінскім сельсавеце Докшыцкага раёна. Менавіта тут ён нарадзіўся. А ў прыдзвінскую вёску Будзілава ён трапіў шасцігадовым хлопчыкам у 1973 годзе, калі маці перабралася сюды на пастаяннае месца жыхарства.
Тут скончыў Каранеўскую СШ, потым прафесійнае сельгасвучылішча ў Уле. Стаў працаваць трактарыстам у саўгасе імя Каранеўскага. Праз год, у 1986-м, прыйшоў час служыць у арміі. Трапіў у пагранічнікі. Служыць давялося ў горадзе Кіркі, што ў гарачай Туркменіі. Але сапраўдная гарачыня чакала беларускага хлопца яшчэ наперадзе. Займаючыся ў душанбінскай  сяржанцскай школе, будучы санінструктар Ігар ужо ведаў, што далей давядзецца служыць у Афганістане, дзе ўжо каторы год вяліся кровапралітныя баі паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі – душманамі.
…Мабільная група  савецкіх салдат у горадзе Меймене, што ў правінцыі Фарыят Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, навабранцаў сустрэла  радасна – доўгачаканая замена была тут дарэчы.
– Праз тры месяцы акліматызацыі накіравалі на баявую «кропку», – успамінае Ігар Васільевіч. – Да 1989 года давялося там служыць…
У 1987-м яго павінны былі дэмабілізаваць, але Загад Міністра абароны СССР аб звальненні  ў запас ваеннаслужачых, у каго скончыўся тэрмін службы, на Спірыдовіча і такіх, як ён, воінаў-афганцаў, не распаўсюджваўся, паколькі камандаванне часці зрабіла так, што ўсе салдаты «добраахвотна» напісалі  рапарты аб працягу вайсковай службы ў Афганістане да поўнага вываду нашых войскаў. А тым часам баі з «духамі» працягваліся не на жыццё, а на смерць. І яна прыходзіла…
– Пры мне двое нашых загінулі: намеснік камандзіра па палітчастцы і наводчык з маёй брыгады, – неахвотна працягвае расказваць Ігар Васільевіч. – А перавязваць параненых даводзілася шмат. Праўда, не толькі сваіх, а ў асноўным салдат афганскай урадавай арміі. Ды і мірнага насельніцтва хапала. Яны таксама пакутавалі: і ад ран, і ад розных хвароб. Іх жа тут была процьма. Здаралася, што за дзень чалавек 30 жыхароў звярталіся  за медыцынскай дапамогай. Мы нікому не адмаўлялі…
Нарэшце, і для майго земляка прыйшоў канец жудасным выпрабаванням, засадам, суправаджэнням грузаў, пастаяннай небяспецы з боку душманскіх  апалчэнцаў, асабліва  іх снайпераў.
Аб тым, што яму і яго таварышам давялося перажыць, перанесці ў чужой краіне, Ігар Васільевіч тактычна прамаўчаў… А лішнімі пытаннямі я таксама не стаў турбаваць субяседніка, кранаць  самае балючае.
Куды лягчэй пайшла размова пра сучаснае жыццё. Ажаніўся ў 1989-м на Зоі Дзмітрыеўне. Яна родам з Дукоўшчыны, але пасля Лужаснянскага тэхнікума трапіла па размеркаванні ў саўгас імя Каранеўскага. Цяпер працуе ў мясцовай школе. Муж і жонка вырасцілі двух сыноў.  Малодшы Арцём працуе ў Мінску, старэйшы Уладзіслаў служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Як і бацька – на пагранічнай заставе, толькі сын – намеснік начальніка, старшы лейтэнант. Закончыў  Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Справы дзяцей, безумоўна, радуюць старэйшых. Сыны таксама ганарацца сваімі бацькамі. Ды і як імі не ганарыцца, калі яны ўжо даўно карыстаюцца ў сваіх калектывах заслужанай павагай і аўтарытэтам.
Ігар Васільевіч з 1998 года працуе лесніком Астровенскага лясніцтва.
– І выдатна працуе! – гаворыць ляснічы Руслан Віктаравіч Міхайленка.
Застаецца павіншаваць Ігара Васільевіча з чарговай гадавінай вываду савецкіх войск з Афганістана, пажадаць  сямейнага ладу і дабрабыту, здароўя і шчасця! А галоўнае – міру на нашай беларускай зямлі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *