Пяцікурснік Акадэміі МУС з Бешанковіччыны здзяйсняе сваю юнацкую мару

Они живут рядом

У рэдакцыю завітаў намеснік начальніка Бешанковіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь А. В. Бурнейка. Андрэй Васільевіч прадставіў маладога практыканта ўстановы В. А. Панкевіча.


– Я нарадзіўся ў Бешанковічах, у 2010 годзе скончыў СШ № 1 райцэнтра. Быць следчым – мара дзяцінства. Яшчэ ў 11-м класе даводзілася знаёміцца з работай райаддзела па надзвычайных сітуацыях і РАУС. Рады, што мая мара збылася, і я заканчваю следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, вучуся на 5-м курсе, – ахвотна расказваў пра сябе малады чалавек. – Практыка ў Следчым камітэце пройдзе да сярэдзіны красавіка. А там трэба шчыльна брацца за дыпломную. Праўда, напрацоўкі ўжо ёсць. Акрамя яе будзе таксама і дзяржэкзамен.


З размовы адчувалася, што Віктар вельмі ганарыцца сваёй спецыяльнасцю, ён поўны сіл і энергіі паспяхова абараніць дыпломную работу і пачаць самастойна працаваць ў якасці следчага.


– Перш, чым трапіць у Акадэмію, відаць, давялося прайсці нямала розных камісій?


– Так, іх сапраўды было нямала: у Бешанковічах, Віцебску, Мінску. Даводзілася здаваць розныя тэсты, гутарыць з псіхолагамі, псіхіятрамі. А калі прывёз дакументы і накіраванне нашага райаддзела міліцыі ў Акадэмію, то і тут таксама праходзіў камісію. Бал атэстата аб сярэдняй адукацыі ў мяне быў высокі, плюс неблагія веды паказаў пры праходжанні тэсціравання, ды й стан уласнага здароўя не падвёў – усё гэта, у рэшце рэшт, дазволіла мне стаць курсантам такой прэстыжнай навучальнай установы, як Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, вучуся я нядрэнна, паколькі атрымліваю павышаную стыпендыю.


– Віктар, якія прадметы даводзілася вывучаць?


– На першым курсе вывучалі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, агульную тэорыю права, сусветную гісторыю, гісторыю Беларусі, замежных краін, беларускую мову, іншыя прадметы, але хацелася як мага хутчэй спасцігаць профільныя прадметы. Гэта ўжо было на другім курсе. Там вывучалі крымінальны працэс, крымінальнае права, крыміналістыку, англійскую мову. Хачу зазначыць, што ў Акадэміі створаны ўсе ўмовы для вучобы, заняткаў спортам. У нас цудоўная бібліятэка, спартыўны і трэнажорны залы, ёсць магчымасць наведваць тэатры, спартыўныя мерапрыемствы, якіх у Мінску заўсёды багата.


– Больш вопытныя і спрактыкаваныя супрацоўнікі аддзела, вядома, дапамагаюць з карысцю праходзіць практыку?


– Безумоўна! Напрыклад, Андрэй Васільевіч Бурнейка. Ён заўсёды рады прыйсці на дапамогу. Дзе падкажа, а дзе і практычна дапаможа. Тое ж самае магу сказаць і пра Аляксандра Аляксандравіча Запрудскага, які шмат у чым мне дапамагае. Ён мой настаўнік.


– Як ідуць справы ў практыканта Віктара Анатольевіча Панкевіча? – цікаўлюся ў начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь С. В. Несцяровіча.


– Такія практыканты – наша будучыня, – адказаў Сяргей Віктаравіч. – Ужо цяпер бачна, што гэта перспектыўны спецыяліст. Працуе з бляскам у вачах. Ёсць у яго своеасаблівая харызма ў дзейнасці, што гаворыць аб вялікім жаданні працаваць і прыносіць карысць грамадству. Карыстаючыся момантам, хачу праз газету звярнуцца да сённяшніх выпускнікоў сярэдніх школ раёна. Прыходзьце да нас за накіраваннем на вучобу ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Нам патрэбны маладыя, энергічныя і таленавітыя супрацоўнікі.


…Як бачна, Віктар Анатольевіч Панкевіч знайшоў сваё прызванне, абраў прафесію па душы і тым задаволены. Цяпер слова за вамі, выпускнікі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *