У Бешанковіцкім раёне прайшлі Дні жывёлавода

Заботы сельские

На мінулым тыдні ў гаспадарках раёна прайшлі Дні жывёлавода, дзе падвялі вынікі работы калектываў ферм за два месяцы 2015 года, вызначылі задачы на бліжэйшую перспектыву. Карэспандэнт «Зары» разам з дырэктарам райплемстанцыі У. П. Белязекам наведаў такую нараду ў сельгаспрадпрыемстве
«ПалітаддзелецАгра».


На ферме «Берасні» жывёлаводы былі ў зборы. Павестку дня агучыў кіраўнік гаспадаркі А. М. Крышын. З аналізам работы невялікага калектыву даярак за адзначаны перыяд пазнаёміла галоўны эканаміст гаспадаркі Н. М. Базарава, а галоўны заатэхнік Т. Л. Кавалёнак назвала прычыны, па якіх дапушчаны спад вытворчасці на гэтай ферме.


Паказчыкі, якія назвалі Наталля Мікалаеўна і Таццяна Леанідаўна, не маглі парадаваць ні кіраўніка, ні галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемства. Не радавалі яны, відаць, і саміх жывёлаводак Т. Ф. Апатаву і К. А. Плігаўку. Абедзве мінусавалі да адпаведнага перыяду мінулага года. Праўда, жанчыны ў апраўданне прыводзілі свае довады. Маўляў, «сплавілі» сюды хворых кароў з іншых ферм, яны не дояцца. Адкуль жа могуць быць надоі?


– З кожнай кароўкай трэба ўмела працаваць, тады і аддача будзе належная, – заўважыла галоўны заатэхнік. – А яшчэ за якасць малака трэба змагацца, паколькі ў прадукцыі з гэтай фермы вельмі нізкія асноўныя паказчыкі: тлустасць і шчыльнасць…


– У рэканструкцыю гэтай фермы ўкладзены вялікія грашовыя сродкі, а аддачы належнай, на жаль, няма… Давайце будзем выпраўляць становішча, – заклікаў А. М. Крышын.


Не маглі пахваліцца высокімі паказчыкамі работы за першыя два месяцы бягучага года і іх калегі з фермы «Лабачова» А. І. Мамойка і Г. В. Шут. Затое на ферме «Камоскі» быў іншы малюнак – калектыў даярак выйшаў на мінулагодні рубеж.


Як высветлілася з размовы, былі свае пытанні і ў жывёлаводак. Заўвагі былі прыняты адміністрацыяй, як поле для далейшых дзеянняў, накіраваных на павелічэнне вытворчасці малака і мяса, паляпшэнне эканамічнага становішча сельгаспрадпрыемства ў цэлым.


І сапраўды, слушную параду даў на развітанне даяркам Аляксандр Міхайлавіч:


– Не забывайце, шаноўныя, галоўнага: ёсць прадукцыя – ёсць грошы… Значыць, працаваць трэба так, каб у нас заўсёды былі малако і мяса…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *