Придвинские земледельцы знают, что от их работы зависит многое

Заботы сельские

Механізатары УП «Свіціна-ВМК» у ліку першых у раёне пачалі сяўбу азімых культур. Тут паспяхова справіліся з рамонтам тэхнікі, запасліся палівам, прадумалі меры стымулявання для ўдзельнікаў пасяўной, арганізавалі двухразовае гарачае харчаванне з дастаўкай у поле. І з пацяпленнем прыступілі да веснавых палявых работ.


Можна доўга любавацца на тое, як услед за культыватарамі па ворыве ідуць пасяўныя агрэгаты, як адборнае насенне кладзецца ў свежаўзараную зямлю. Такі малюнак адкрыўся погляду на полі каля вёскі Пугачкі, дзе механізатары УП «Свіціна-ВМК» вялі сяўбу.


– Надвор’е добрае, таму вырашылі, што марудзіць нельга, – дзеліцца кіраўнік гаспадаркі Людміла Пятроўна Мамойка, за плячыма ў якой ужо 34 гады работы ў аграпрамысловым комплексе. – А нашым хлебаробам працаваць у полі – звыклая справа, бо людзі аднадушныя ў меркаванні, што для атрымання высокага ўраджаю неабходна строгае захаванне тэхналагічнага рэгламенту, якасці сяўбы, агратэхнічных тэрмінаў і працоўнай дысцыпліны. Менавіта на гэта мы нацэлілі нашых працаўнікоў, прадугледзілі для іх у якасці матэрыяльнага стымулявання шэраг даплат падчас правядзення пасяўной. Арганізавалі і працоўнае спаборніцтва ўнутры гаспадаркі з узняццем сцяга ў гонар перадавікоў.


На палі гаспадаркі выйшлі чатыры чызелі, сеялка СЗ-3,6 і пасяўны агрэгат АПП-6Д, задзейнічана і іншая тэхніка.


– Кожнаму механізатару даведзена дзённае заданне, – уключаецца ў размову галоўны аграном УП «Свіціна-ВМК» Яўген Уладзіміравіч Міцькавец, які таксама нясе сваё «дзяжурства» на полі ўвесь светлавы дзень. – Агульнымі намаганнямі за змену, а яна ў нас доўжыцца з 6 раніцы і да 21-й гадзіны, трэба засяваць па 60 гектараў зямлі. Паралельна арганізавалі ўборку камянёў з пасяўных плошчаў, вядзецца падкормка азімых збожжавых, унясенне арганікі і мінеральных угнаенняў. Усе работы ідуць у комплексе.


Сапраўды, у «Свіціне-ВМК» каманда падабралася дружная і згуртаваная, механізатары не першы сезон на пасяўной і ведаюць усе тонкасці хлебаробскай справы. Прафесіяналізм дэманструюць, напрыклад, Юрый Рыгоравіч Галай, Валерый Іванавіч Барадаўка, Анатоль Аляксандравіч Мачыха, Юрый Аляксеевіч Любачка, Фёдар Фёдаравіч Заяц, якія вядуць культывацыю з баранаваннем, Аляксей Уладзіміравіч Шчука, заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Няма роўных і сейбіту Сяргею Іванавічу Каралёву, якому ў мінулым годзе даверылі новенькі энерганасычаны «МТЗ-3522».


На каменепадборшчыку працуе Вячаслаў Шафіраў, на падкормцы сенакосаў і паш на РДУ-3 заняты Вячаслаў Дуран, на «Расе» шчыруе Аляксандр Юшкоў. Створаны атрад па рабоце з арганікай. Пагрузку вядзе Сяргей Шчука, унясенне арганікі на палі даручылі Андрэю Багданскаму і Яўгену Апатаву. Гарачыя абеды для хлебаробаў дастаўляюць у поле Уладзімір Прошчанка і Віктар Берасцень.


Працаўнікам УП «Свіціна-ВМК» гэтай вясной трэба пасеяць 1270 га яравых збожжавых і зернебабовых, у тым ліку 200 га кукурузы. Пры спрыяльных умовах надвор’я з гэтым аб’ёмам работ механізатары абяцаюць справіцца тыдні за тры. А сонечныя красавіцкія дні ім толькі ў дапамогу!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *