Молодёжь Придвинья выбирает профессию успеха

Образование

Кім толькі не мараць стаць людзі: знакамітымі касманаўтамі, як Юрый Гагарын, адважнымі пажарнымі, урачамі, каб ратаваць сотні жыццяў, спевакамі, каб ззяць на сцэне, настаўнікамі, каб даваць веды.


Ганарова, да прыкладу, валодаць і адной з cамых старажытных прафесій – быць хлебаробам! У даўнія часы гэтым словам называлі людзей, стараннямі якіх атрымлівалася вырасціць збожжа. Яны аралі зямлю, затым сеялі ў яе насенне і ў канцы сезона збіралі ўраджай. Менавіта дзякуючы хлебаробам пекары атрымлівалі муку, з якой пасля рабілі для людзей хлеб.

  
У сучасным свеце існуе больш за 40 тысяч розных родаў дзейнасці. Аднак свет прафесій далёка не статычны. У ім пастаянна нараджаюцца новыя і паміраюць старыя прафесіі. І галоўнае — не памыліцца ў сваім выбары і прысвяціць любімай справе ўсё сваё жыццё.

  
Установы прафтэхадукацыі Беларусі ў гэтым годзе правядуць прыём па 262 прафесіях. Заявы ад тых, хто паступае, будуць прымаць 158 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будуць ажыццяўляць 45 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.


Атрымаць даволі запатрабаваныя сёння спецыяльнасці прапануе адна з найстарэйшых навучальных устаноў Віцебскай вобласці, размешчаная на тэрыторыі нашага раёна, – Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара.  Тут ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу і іншых галін эканомікі па спецыяльнасцях: «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ», «Садова-паркавае будаўніцтва», «Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі», «Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў», «Тэхналогія зварачных работ», «Аддзелачныя будаўнічыя работы», «Грамадскае харчаванне», «Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы».


— З моманту заснавання ліцэя ў Уле ў 1953 годзе са сцен установы адукацыі выпушчана больш за 22 тысячы кваліфікаваных рабочых –вадзіцеляў, трактарыстаў-машыністаў, электразваршчыкаў, электраманцёраў, аператараў машыннага даення, гароднінаводаў, жывёлаводаў, тынкоўшчыкаў, повараў, — расказала намеснік дырэктара навучальнай установы па вучэбна-вытворчай рабоце Марыя Іванаўна Лямнёва.


У 2016 годзе ў Ульскім ДПЛ план набору навучэнцаў на аснове агульнай базавай адукацыi з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі складае 123 чалавекі. За тры гады юнакі змогуць атрымаць некалькі прафесій: трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі «А», электразваршчык ручной зваркі, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С». Дзяўчатам (на базе 9 класаў адукацыі) прапануецца асвоіць дзве кваліфікацыі: тынкоўшчык 3-га разраду і повар 4-га разраду.

 
Акрамя таго, пры ліцэі працуе цэнтр для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На базе спецыяльнай адукацыі на працягу двух гадоў гэтай катэгорыі навучэнцаў прапануецца асвоіць кваліфікацыі: маляр 2-га разраду і тынкоўшчык 3-га разраду; працоўны зялёнага будаўніцтва 3-га разраду і жывёлавод 4-га разраду; цясляр 2-га разраду і слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання 2-га разраду. План набору на 2016 год – 48 чалавек.


Трэба сказаць, што Ульскі ДПЛ валодае даволі добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Для навучання ліцэістаў маюцца 24 аўтамабілі, 26 трактароў і 5 камбайнаў. Гэта сучасная тэхніка. Напрыклад, ваджэнню трактароў юнакі навучаюцца на «МТЗ-1221», «МТЗ-1523», «МТЗ-3022», кіраваць аўтамабілем — на «МАЗ-555142» і «МАЗ-533603».

 
У ліцэі налічваюцца 22 навучальныя кабінеты, 18 вучэбна-вытворчых майстэрняў, камп’ютарны клас, метадычны кабінет, кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, бібліятэка і чытальная зала, актавая зала. Практычныя заняткі праводзяцца ў лабараторыях «Устройства трактароў» і «Устройства сельскагаспадарчых машын», майстэрнях зварачных, цяслярных і тынкавальных работ. Іншагароднім навучэнцам прадастаўляецца інтэрнат блокавага тыпу, дзе не так даўно была праведзена цеплавая рэнавацыя і створаны камфортныя ўмовы для пражывання. Усе ліцэісты забяспечваюцца трохразовым бясплатным харчаваннем. Ажыццяўляецца падвоз навучэнцаў транспартам ліцэя да станцыі Лоўша, у Сянно і Чашнікі.


Для развіцця творчых здольнасцяў і заняткаў па інтарэсах працуюць гурткі і спартыўныя секцыі. У ліцэі ёсць зала для заняткаў настольным тэнісам, дзве спартыўныя залы, трэнажорная зала, цір. Дарэчы, дзякуючы рэалізацыі праекта праграмы малых грантаў пасольства ЗША «Праз спорт – да здароўя і зносін» навучальная ўстанова змагла абсталяваць трэнажорную залу сучасным спартыўным абсталяваннем.


Юнакі і дзяўчаты могуць займацца футболам, баскетболам, агульнай фізічнай падрыхтоўкай, валейболам, атлетычнай гімнастыкай, настольным тэнісам. Ім прапануюць асвоіць «Дамаводства», «Кветкаводства», паспрабаваць сябе ў «Мастацкай і тэхнічнай творчасці», займацца пытаннямі экалогіі, працуюць факультатывы па агульнаадукацыйных прадметах, арганізаваны заняткі мастацкай самадзейнасцю.


Дарэчы, з 2007 года Ульскі ДПЛ удзельнічае ў Міжнародных спецыяльных алімпійскіх гульнях. Баскетбольная каманда ліцэя практычна штогод дэманструе выдатную спартыўную форму і паднімаецца на пераможны п’едэстал. Так, у 2007 годзе ў Шанхаі (Кітай) і ў 2011-м годзе ў Афінах (Грэцыя) на Сусветных алімпійскіх гульнях ліцэісты заваявалі залатыя медалі. У 2010-м годзе ў Варшаве (Польшча) на Еўрапейскіх алімпійскіх гульнях ўзялі серабро, а ў 2014-м годзе на такіх жа гульнях у Антверпене (Бельгія) – золата.


І ўсё ж прафесія поспеху: якая яна? Перш за ўсё цікавая і запатрабаваная! У кожнага чалавека ёсць свае інтарэсы, свае любімыя заняткі, у кагосьці ёсць талент, а хтосьці здольны хутка і лёгка ўсяму навучыцца. Я ўпэўнена, што кожны выпускнік школы знойдзе справу па душы і будзе любіць сваю работу, прысвеціць ёй усё сваё жыццё, важна толькі зрабіць правільны выбар, выбар сваёй прафесіі!


Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Ульскім ДПЛ ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 20 жніўня. Задаць пытанні, якія вас цікавяць, можна ў прыёмную камісію па тэлефоне 6-14-47.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *