Придвинские школьники сдают экзамены

Образование

У 2015-2016 навучальным годзе ў рэспубліцы працавала больш за 3 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаліся звыш 950 тысяч чалавек.


Для навучэнцаў 1-8 класаў навучальны год завяршыўся 31 мая, а з 1 чэрвеня пачаліся канікулы. Навучэнцы 10-х класаў адправяцца на адпачынак пасля таго, як пройдуць вучэбна-палявыя зборы (юнакі) або медпрактыку (дзяўчаты) на працягу пяці дзён, прадугледжаных тыпавым вучэбным планам і вучэбнай праграмай па прадмеце «Дапрызыўная медыцынская падрыхтоўка».


А вось для 90,7 тысячы дзевяцікласнікаў і 57,4 тысячы адзінаццацікласнікаў Беларусі, у тым ліку для 153 і 90 выпускнікоў базавай і сярэдняй школы нашага раёна, зараз самы гарачы перыяд – экзаменацыйная пара.


Выпускныя экзамены пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць у перыяд з 1 па 10 чэрвеня. Экзамены па навучальных прадметах у пісьмовай форме пачынаюцца ў 9 гадзін. У 2016 годзе, акрамя аб’яўлення па тэлебачанні і радыё тэкстаў і заданняў, яны размешчаны на партале Міністэрства адукацыі (edu.gov.by).


Дзевяцікласнікі здаюць тры выпускныя экзамены: абедзве дзяржаўныя мовы (беларускую і рускую) і матэматыку. Усе экзамены – у пісьмовай форме. Па мовах яны напішуць дыктант, па матэматыцы – кантрольную работу. Выпускнікі 11-га класа здадуць 4 экзамены: адну дзяржаўную мову на выбар (у форме пераказу), матэматыку (кантрольная работа), замежную мову і гісторыю Беларусі (у вуснай форме).


Экзаменацыйная пара завершыцца выпускным балем з уручэннем пасвечанняў аб агульнай сярэдняй адукацыі, які запланаваны на 11 чэрвеня. А ўжо з 13 чэрвеня стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне. Нагадаем, што першым іспытам стане беларуская мова. 14 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць рускую мову, 16 чэрвеня – грамадазнаўства, 18 чэрвеня – біялогію, 19 чэрвеня – матэматыку, 21 чэрвеня – гісторыю Беларусі, 23 чэрвеня – хімію, 24 чэрвеня – фізіку, 25 чэрвеня – замежную мову, 27 чэрвеня сусветную гісторыю (навейшы час) і геаграфію. Пачынаецца ЦТ у 11 гадзін. Рэгістрацыя на ЦТ у рэзервовы дзень – з 28 чэрвеня па 1 ліпеня (рэзервовы дзень для здачы ЦТ – 5 ліпеня).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *