Придвинский лагерь Орлёнок к оздоровительному сезону готов

Общество

Лепшы спосаб правесці лета з карысцю – напоўніць яго прыемнымі, радаснымі і цікавымі падзеямі. Менавіта на гэта накіравана работа загараднага аздараўленчага лагера «Арляня», што размешчаны ў в. Бараўцы і знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.


На мінулым тыдні тут адбыўся штаб па падрыхтоўцы ўстановы да аздараўленчага сезона. Удзел у ім прынялі намеснікі старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі і С. М. Аўчыннікаў, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. І. Ерашоў, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.


На пасяджэнні быў прааналізаваны пратакол даручэнняў па падрыхтоўцы аб’екта да сустрэчы дзяцей. Аб’ём работ значны, бо ў аснову пакладзена бяспека дзяўчынак і хлопчыкаў. На прывядзенне «Арляня» ў гатоўнасць да аздараўленчага сезона з абласнога бюджэту выдзелена 300 мільёнаў рублёў. Сёлета па ўжо існуючай традыцыі за кожным з карпусоў аздараўленчага лагера замацавалі шэфаў з ліку калектываў гімназіі, СШ №1 і №2 райцэнтра, Астровенскай, Каранеўскай, Бачэйкаўскай, Ржаўскай і Вярхоўскай школ раёна, якія ўзяліся за касметычныя рамонты памяшканняў: паклейку шпалер, афарбоўку, абкос тэрыторый і іншыя работы.


І тут дырэктар лагера «Арляня» Ларыса Фёдараўна Жуковіч з лепшага боку адзначыла Астровенскую дзіцячы сад-СШ і яе кіраўніка І. П. Антонава. Іосіф Пятровіч асабіста цікавіцца ходам рамонтных работ, без лішніх напамінаў дасылае на дапамогу працоўны дэсант. Акрамя таго, калектыў гэтай школы вырасціў кветкі для добраўпарадкавання «Арляня». Вялікі аб’ём работ у корпусе №6 выкананы з дапамогай кампаніі ТАА «Рэкстар»: сцены ў спальных памяшканнях абабітыя вагонкай, пафарбаваны столь і падлога, цэментуецца ганак і ўкладваецца плітка, з’явяцца тут і поручні.


Прыёмка лагера запланавана на 18 чэрвеня, таму ёсць яшчэ крыху часу, каб завяршыць усе рамонтныя работы ў «Арляня». Як прагучала на пасяджэнні штаба, неабходна завяршыць рамонт лазні, уладкаваць дзве альтанкі для адпачынку дзяцей, добраўпарадкаваць пляж, паправіць кабіны для пераапранання і завезці пясок на бераг Крывінкі, замяніць слупкі пад рукамыйнікі, усталяваць скрынкі для смецця і лаўкі, а таксама паклапаціцца пра абкос усёй тэрыторыі лагера і з дапамогай санітарнай службы раёна патруціць кляшчоў. У рашэнні некаторых пытанняў кіраўніцтву «Арляня» абяцалі дапамагчы ДРБУ-110, ПМС, лясгас.


Нагадаем, што гэтым летам у загарадным лагеры плануецца аздаравіць 350 дзяцей і арганізаваць яго работу ў тры змены. Першая стартуе 26 чэрвеня. Ролю выхавальнікаў на сябе возьмуць студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя. П. М. Машэрава. Дзяцей і падлеткаў чакае займальны, пазнавальны і актыўны адпачынак.


Са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне адной пуцёўкі ў аздараўленчы лагер «Арляня» выдаткоўваецца 1,6 млн рублёў. Бацькоўская даплата за адпачынак дзяцей 6-10 гадоў складзе 1 млн 750 тысяч рублёў, 11-13 гадоў – 1 млн 850 тысяч рублёў, 14-17 гадоў – 1,9 млн рублёў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *