Юные придвинцы на выпускном балу

Образование

Спусцелыя класы з паднятымі на парты стуламі. Закрытыя кабінеты, пустыя калідоры. І адчуванне таго, што хутка ў жыцці здарыцца нешта вельмі важнае. Бывай, школа!


Неяк раптам пасталелыя 90 экс-адзінаццацікласнікаў з гімназіі, СШ №1 і №2 райцэнтра, Астровенскай, Каранеўскай, Бачэйкаўскай, Ржаўскай і Ульскай школ – дзяўчаты з шыкоўнымі прычоскамі ў вячэрніх сукенках, а таксама юнакі ў стыльных касцюмах – ва ўсёй сваёй красе ў суправаджэнні бацькоў, настаўнікаў, дырэктараў школ сабраліся на раённы выпускны баль. Яго афіцыйная частка праходзіла ў РЦК.


Ва ўрачыстым і яркім свяце прынялі ўдзел ганаровыя госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі, дырэктар УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», «Чалавек года Віцебшчыны-2015» І. Г. Слівец, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С. Л. Салоха, намеснік старшыні КНД райвыканкама А. А. Буйлова, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М. А. Пясецкая.


У гэты дзень прагучала шмат цёплых слоў у адрас выпускнікоў, ім жадалі паспяхова прайсці ЦТ, выніковых паступленняў у ВНУ і шчаслівага студэнцтва, а галоўнае – знайсці сваю дарогу ў жыцці. Кранальным было пажаданне ад выпускнікоў пачатковай школы і дырэктара СШ №2 г. п. Бешанковічы А. У. Буйлова, мудрым – бацькоўскі наказ ад М. А. Берасня. Запомніліся і пажаданні з шарамі ў форме сэрцаў ад першай настаўніцы Л. Э. Тучы: «Будзьце спакойнымі, але не гультаяватымі, паспяховымі, але не выхвальнымі, патрабавальнымі, але не прыдзірлівымі, каб поспех быў побач, а вы цвёрда ішлі да вызначанай мэты».


Усе з гонарам глядзелі, як уручалі атэстаты асобага ўзору аб агульнай сярэдняй адукацыі за выдатны розум і стараннасць у вучобе. Залатыя медалі сёлета атрымалі выпускніцы СШ №1 г. п. Бешанковічы Марыя Матвеенка і Ангеліна Пушко. Адзначылі на свяце і бацькоў, чые дзеці на працягу 11 гадоў паказвалі добрыя вынікі ў вучобе, прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сваіх школ, – ім былі ўручаны падзячныя лісты. Па закладзенай летась традыцыі выпускнікі далі клятву вернасці сваім альма-матар і пакінулі аўтографы ў кнізе «Скрыжалі часу».


Святочныя ноткі ў мерапрыемства ўнеслі харэаграфічная кампазіцыя ў выкананні Алены і Паўла Балук, танга ад выпускнікоў гімназіі, песня пад акампанемент гітары ад класнага кіраўніка адзінаццатага класа Бачэйкаўскай школы В. У. Пушко, вершы пра матулю ад адзінаццацікласніц СШ №2 райцэнтра, а таксама фінальная песня ў выкананні Дар’і Даўгяла, Ксеніі Малец, Елізаветы Зюльковай (гімназія), Наталлі Міцькавец (СШ №1 г. п. Бешанковічы), Аляксандры Шарко (Астровенская д/сад-СШ) і сольныя нумары ў выкананні дзяўчат. Дарэчы, Аляксандру ў гэты дзень таксама чакаў момант славы: дзяўчыне ўручылі дыплом пераможцы ІХ Міжнароднага конкурсу-фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці «Мы разам-2016», які праходзіў у Маскве.


Афіцыйная частка балю завяршылася на цэнтральнай плошчы вальсам выпускнікоў і запускам у неба паветраных шароў. Да выпускнога вечара юнакі і дзяўчаты пачалі рыхтавацца загадзя. У школьных калідорах не адзін дзень развучвалі плаўныя рухі вальса, якія спачатку былі няўпэўненымі, але ад рэпетыцыі да рэпетыцыі станавіліся ўсё больш адточанымі.


І вось надышла іх зорная гадзіна. З бачнай лёгкасцю, змяняючы павольны тэмп на хуткі, выпускнікі СШ №2 і СШ №1 г. п. Бешанковічы, гімназіі-інтэрната па чарзе прадставілі свае харэаграфічныя нумары. Выпускнікі Каранеўскай д/сада-СШ здзівілі флэш-мобам. Юнакі і дзяўчаты кружыліся пад музыку, развітваючыся са школай. Гэты дзень, які перайшоў у ноч і першы ў жыцці юнакоў і дзяўчат дарослы світанак, запомніцца не антуражам, а перажытымі пачуццямі. І хай дождж, які трохі сапсаваў святочны настрой, стане для іх самым вялікім засмучэннем у жыцці…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *