Бешенковичские ярмарки

К 570-летию Бешенкович

У канцы 18 ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў. Да іх адносіліся і Бешанковічы, дзе ў той час, як сведчаць дакументы, жыло звыш 5 тыс. чалавек. Па колькасці насельніцтва наш цяперашні райцэнтр удала сапернічаў з такімі гарадамі, як Мінск, Гродна, і нават апярэджваў Полацк, Брэст, Пінск…


У гэты перыяд, ды і раней, у эканамічным развіцці Бешанковіч важную ролю адыгрываў гандаль, унутраны і знешні. Пашырэнню абмену паміж горадам і вёскай спрыялі кірмашы. Даволі актыўны гандаль вялі магнаты Агінскія, якім у канцы 17-га – пачатку 18-га стагоддзяў належалі Бешанковічы разам з некаторымі навакольнымі вёскамі. Галоўным экспартам тавараў з іх уладанняў былі пянька і каноплі. На працягу сямі гадоў, пачынаючы з 1728-га, імі было прададзена ў Крулеўцы (Даўгаўпілс) у агульнай колькасці 31141 камень пянькі, 4150 бочак канопляў і 2123 камені паклі… Дарэчы, большая частка пералічанага тавару была адпраўлена па Заходняй Дзвіне ад прыстаней у Бешанковічах, Вяжышчы, Уле.


Спрадвеку Бешанковічы славіліся высокаразвітай рамеснай вытворчасцю, галоўным чынам ганчарнай, мылаварнай і нарыхтоўкай гонты, а таксама буйнымі кірмашамі. Сюды з’язджаліся купцы і дзелавыя людзі з Падзвіння, Падняпроўя, Мінска і Брэста, Слуцка і Слоніма, Вільні і іншых гарадоў і мястэчак, а таксама з Расіі і замежных дзяржаў. Бешанковіцкі (ён зваўся яшчэ Петрапаўлаўскі) кірмаш праходзіў звычайна з 29 чэрвеня па 27 ліпеня і вядомы з 17 ст.


Тады для рускіх і замежных купцоў у цэнтры горада на рыначнай плошчы быў пабудаваны вялікі каменны двор. 60 крам (пазней іх стала больш), што стаялі тут роўнымі, доўгімі радамі, прапаноўвалі пакупнікам шматлікія рускія і замежныя тавары. Гэта былі шаўковыя, шарсцяныя, ільняныя тканіны, жалезныя, медныя вырабы, фарфоравы і фаянсавы посуд, жаночыя ўпрыгожанні з золата і серабра, а таксама кнігі, напіткі, тытунь, чай, кава, гародніна… Тут жа, на кірмашы, прадаваліся і вырабы мясцовых майстроў – рукавіцы, канаты, драўляныя бочкі, цабэркі, ганчарныя вырабы.


З кожным годам пашыраўся асартымент тавараў на бешанковіцкім кірмашы. У 1791 годзе, напрыклад, кошт завезеных туды тавараў склаў каля мільёна польскіх злотых, а прададзена было на 400 тыс. польскіх злотых. Уладальнік маёнтка Бешанковічы граф І. Храптовіч і жыхары мястэчка ад здачы крам, склепаў, дамоў і іншых пабудоў прыезджым на час правядзення кірмашу атрымлівалі прыбытку па 4 тыс. руб. серабром і больш.


У шматтомнай працы «Беларусь у эпоху феадалізму» змешчаны цікавы дакумент, датаваны 12 жніўня 1855 года. Гэта ведамасць лепельскага павятовага спраўніка, дзе ёсць звесткі пра кірмаш у Бешанковічах. Дакумент сведчыць, што на кірмашы ў гэты час былі прадстаўлены дзясяткі назваў тавараў на суму звыш 846,5 тыс. руб., а рэалізавана на 330 тыс. руб. Найбольшым попытам карысталіся тканіны з ільну і шоўку, а таксама фарфоравы і фаянсавы посуд. Ахвотна куплялі цукар, чай, пушніну, коней.


Развіццё знешняга гандлю Беларусі, у тым ліку і Бешанковіч, было звязана з усё большым попытам заходнееўрапейскіх дзяржаў на прадукты харчавання, сельскагаспадарчую сыравіну і лесаматэрыялы. У сувязі з гэтым з Прыдзвіння павялічыўся вываз збожжа, ільну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, мёду, воску, скур. Асаблівы попыт быў на лес і прадукты перапрацоўкі драўніны. Даныя мытных кніг Дынабурга (Рыгі) звяртаюць увагу на шырокае кола населеных пунктаў, купцы якіх цягнуліся да гандлю з гэтым і іншымі гарадамі Балтыі. У прыватнасці, Віцебск, Дзісна, Асвея, Друя, Чашнікі, Ула, Бешанковічы і г. д., якія ў адміністрацыйных адносінах уваходзілі ў склад Віцебскага і Полацкага ваяводстваў. Пашырэнню рыначных адносін паміж феадаламі Полаччыны і Крулеўца ў 1708–1709 гадах не садзейнічалі ў вядомай меры цяжкасці, выкліканыя Паўночнай вайной, баявыя дзеянні якой ахапілі і Прыдзвінне. Тады рух суднаў па Заходняй Дзвіне некалькі запаволіўся, але зусім не спыніўся. Тавар, хоць і ў меншай колькасці, паступаў на рыжскі рынак.


Дастаўка тавараў сельскай гаспадаркі і промыслаў на знешні рынак ажыццяўлялася галоўным чынам па рэках – Дняпры, Заходняй Дзвіне, Нёмане, Бугу. На суднаходных рэках, іх прытоках будаваліся прыстані з даволі вялікай колькасцю розных суднаў (віціны, шкуты, стругі, баркі) і свірнаў для захоўвання тавару. Феадалы Усходняй Беларусі часцей за ўсё адпраўлялі іх з Вяжышча, Будзілава, Дарагакупава і, вядома, Бешанковіч, Быстраў, Улы, а таксама Віцебска, Полацка.


Наяўнасць на ўсходзе Беларусі значных лясных масіваў садзейнічала шырокаму развіццю ляснога промыслу. Буйныя землеўладальнікі, пашыраючы рыначныя сувязі і ўлічваючы значны попыт у Заходняй Еўропе на лесаматэрыялы, неабходныя перш за ўсё для караблебудавання, бачылі ў гэтым промысле адну з даволі важных крыніц павышэння сваіх даходаў. Пра масавы ўдзел сялян у памешчыцкім промысле ў зімовы час можна меркаваць і па колькасці фурманак, занятых на вывазцы лесу.


Так, з Быхаўскага графства да прыстані ў Бешанковічах зімой 1776 года ў вывазцы лесаматэрыялаў прымала ўдзел 2240 нанятых фурманак. Гэта толькі з аднаго графства. Іх жа было шмат, што карысталіся паслугамі прыпарамшчыкаў і прыстанню ў цэлым. Падрыхтаваныя такім чынам у зімовы час лесаматэрыялы вясной сплаўлялі па Дзвіне. Цікава, што плата наёмным работнікам, занятым на сплаве па Нёмане, была некалькі ніжэй, чым па Дзвіне. Напрыклад, парабак на сплаве лесу ў Рыгу атрымліваў 20 злотых, а па Нёмане ў Крулевец – 12. Магчыма, розніца ў аплаце тлумачылася вядомымі цяжкасцямі суднаходства па Дзвіне. Справа ў тым, што сплаў па гэтай рацэ, якая мела хуткае цячэнне і мноства парогаў, а ў летні час нізкі ўзровень вады, быў нялёгкім і патрабаваў вялікага майстэрства ад усёй суднавай каманды…


У Бешанковічы на прыстань звозіўся лес не толькі з навакольных лясных масіваў, але і з іншых мясцін. У дакументах Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літоўскай СССР у фондзе №525 («Кіраванне земляробствам і дзяржаўнай маёмасцю Віленскай і Ковенскай губерняў») захоўваецца кантракт, заключаны Антоніем Маскевічам з упраўляючым Леанардам Пацеем, уладальнікам мястэчка Астроўна, на нарыхтоўку таварнай драўніны ў Мсціслаўскім павеце і дастаўку яе ў Бешанковічы.


Як і раней, асноўная маса тавараў з Бешанковіч і навакольных вёсак перапраўлялася па Заходняй Дзвіне. Бешанковічы, як гандлёвы і партовы горад, мелі цесную сувязь з гарадамі Прыбалтыкі, асабліва з Рыгай. Менавіта сюды і адпраўлялася значная колькасць тавараў. Ля прыстані ў Бешанковічах рабілі прыпынак плыты, баркі, стругі купцоў і іншых гандлёвых людзей. Тут жа заключаліся розныя пагадненні, выгадныя кантракты паміж купцамі і ўладальнікам маёнтка ці яго ўпраўляючым на пастаўку або продаж таго ці іншага тавару. Чакалі гасцей рамеснікі і мяшчане Бешанковіч. У іх можна было купіць любую патрэбную ў гаспадарцы рэч.


Купцы наймалі мясцовых лоцманаў, каб правесці судны праз дзвінскія парогі, а таксама рулявых і весляроў, якія славіліся сваім майстэрствам і спрактыкаванасцю. Гандлёвыя сувязі Віцебска і Бешанковіч з Рыгай мацнелі з кожным годам. Павялічвалася і колькасць плытоў, суднаў з грузамі, якія плылі па рацэ. Калі, напрыклад, у канцы 18 ст. за год іх праходзіла да 700, то ў 1848 годзе па Дзвіне каля Бешанковіч прайшло 1329 суднаў з грузам і 310 плытоў з лесам. Агульны кошт перавезеных тавараў склаў больш як 6 млн. руб.


Анатоль КРАЧКОЎСКІ, краязнаўца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *