Слова ў пераплёце

Творчество наших земляков

Падчас экскурсійнай паездкі ў горад Полацк я наведала Музей беларускага кнігадрукавання. Тут даведалася пра гісторыю ўзнікнення кнігі. Быў час, калі ні кніг, ні паперы не было. На чым толькі не пісалі тады людзі: на лістах дрэў, на бярозавай кары, на гліняных таблічках, на скурах жывёл.


Кнігі, якія былі напісаны на скурах жывёл, каштавалі вельмі дорага. Не ўсякі багаты чалавек мог купіць іх. Перапісваліся кнігі ад рукі ў спецыяльных скрыпторыях, дзе перапісчык меў усё неабходнае пад рукой, каб без патрэбы не хадзіць і не размаўляць. Добра зробленая работа прыносіла пісцу асаблівае задавальненне. У канцы рукапісу можна было сустрэць і такі запіс: «Рука, што пісала гэта, згіне ў магіле, напісанае застанецца на доўгія гады». Некаторыя кнігі перапісвалі гадамі. Я бачыла кнігі вялікія і маленькія па памеры, кнігі-скруткі, кнігі ў каваных пераплётах, кнігі, прыкаваныя на ланцуг.


Першым чалавекам, які пачаў друкаваць кнігі на нашых землях, стаў беларус Францыск Скарына. Менавіта з яго рук без малага пяцьсот гадоў назад усходнія славяне атрымалі першую друкаваную кнігу. Ён пісаў: «Я – Францыск Скарынін сын з горада Полацка… наважыў пакінуць у навуцы і ў кнігах вечную славу і памяць сваю». Вялікі гуманіст эпохі Адраджэння стварыў першыя ў айчыннай кніжнай культуры ўзоры кнігадрукарскага мастацкага афармлення, выдаў першую ў гісторыі ілюстраваную Біблію з каментарыямі, увёў тытульны ліст і новую пагінацыю (нумарацыя старонак кнігі).


Францыск Скарына ілюстраваў асобныя біблейскія сюжэты, намаляваў аўтапартрэт, пісаў для сваіх перакладаў прадмовы і пасляслоўі, упрыгожыў тэкст застаўкамі (выявы пладоў, звяроў, птушак). Гэтым ён наблізіў Біблію да простых людзей, каб нават тыя, хто не ўмеў чытаць, па малюнках маглі ўявіць, пра што там пішацца. З’яўленне кніг Свяшчэннага пісання на народнай мове давала магчымасць людзям самастойна чытаць гэтыя творы. Беларуская мова ў ліку першых нямногіх еўрапейскіх моў далучылася да кнігадрукавання.


Першадрукар выдаваў свае кнігі з асветніцкімі мэтамі для небагатых людзей, як ён сам пісаў, «людзям паспалітым на добрае навучанне».

Падумаць толькі, як працавалася: у 1517 годзе – 4 кнігі ў 646 старонак, у 1518 годзе – 8 кніг у 704 старонкі, у 1519 годзе – 11 кніг у 1000 старонак. На жаль, многія кнігі Скарыны былі спалены па загадзе маскоўскага князя, таму што былі выдадзены падданым рымскай царквы. А сам Францыск вымушаны быў пакінуць Радзіму, выехаць у чэшскую Прагу і там знайсці свой спачын. Цікава было даведацца, што на адкрыцці Музея беларускага кнігадрукавання былі нашчадкі Францыска Скарыны, якія жывуць у Канадзе.


Цяпер – амаль праз пяцьсот гадоў – некалькі кніг Скарыны можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, крыху больш у Маскве і Пецярбургу. Асобныя кнігі знаходзяцца за мяжою – у Лондане, Капенгагене і ў далёкай Амерыцы і каштуюць вельмі дорага.


Мне пашчасціла хадзіць па вуліцах горада, дзе хадзіў сам асветнік. Пешае падарожжа па цэнтральным скверы Полацка прывяло да помніка першадрукару. Ён узняўся на прыгожай плошчы горада. Задуменна стаіць слынны сын беларускага народа, быццам бы вярнуўшыся з далёкіх дарог чужыны на Бацькаўшчыну. Стаіць у задуме, трымаючы ў руках кнігу, з якой ён прыйшоў да кожнага з нас.


Мы, удзячныя нашчадкі Францыска Скарыны, помнім вялікі подзвіг свайго славутага першадрукара. Штогод, калі з дрэў злятае першы восеньскі ліст, на Беларусі праходзіць Дзень беларускага пісьменства. Сталіцай свята, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, зноўку будзе старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку Беларусі.


Карына Вятоха, вучаніца 9-га класа ДУА «Бачэйкаўская сярэдняя школа
Бешанковіцкага раёна», член гуртка «Юны журналіст».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *