Ветеран Бешенковичского района М. И. Бабоед: герои рядом

Они живут рядом

6 студзеня гэтага года М. І. Бабаед адзначыў сваё 95-годдзе. Гледзячы на Міхаіла Ігнатавіча, складана паверыць, што яму 95. На сустрэчу з праўнукамі Вялікай Перамогі прыехаў бадзёры, пазітыўны, энергічны, аптымістычны ветэран Вялікай Айчыннай вайны.


Дарэчы, на фронт М. І. Бабаед трапіў радавым пехацінцам, служыў у 235-й стралковай дывізіі 43-й арміі далёкім летам 1944-га года пасля вызвалення Беларусі. Ён мужна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, праявіў сябе пры фарсіраванні ракі Ліелупе, вызначыўся пры ўзяцці гарадоў Тыльзіт і Рагніт, удзельнічаў у жорсткіх баях пад Кёнігсбергам.


Міхаіл Ігнатавіч быў двойчы паранены, кантужаны. Перамога для героя нашага часу і яго таварышаў па службе наступіла 16 мая 1945 года, пасля паспяховага ліквідавання групы немцаў, якія вырваліся з Берліна. Потым Міхаіл Ігнатавіч яшчэ каля года быў старэйшым пісарам аддзела ваенна-тэхнічнага забеспячэння штаба сваёй дывізіі.


У мірны час ветэран Вялікай Айчыннай вайны 40 гадоў працаваў настаўнікам матэматыкі. Быў дырэктарам васьмігодкі ў Чаўнышках, намеснікам дырэктара міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната. За яго плячыма больш за 10 гадоў працы ў якасці лесніка Бешанковіцкага лясгаса, 20 гадоў Міхаіл Ігнатавіч узначальваў ветэранскую арганізацыю гэтай галіны.


Пацвярджэннем заслуг перад Айчынай М. І. Бабаеда з’яўляюцца шматлікія Ганаровыя граматы і ўзнагароды, якія ветэран беражліва захоўвае да сённяшняга часу: ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалі «За баявыя заслугі» і «За ўзяцце Кёнігсберга».


Мяркую, ні ў адной мове свету не знойдзецца слоў, каб укласці ў іх усю падзяку ад дзяцей, унукаў і праўнукаў за ваш бессмяротны подзвіг на франтах і ў тыле. Таму мы не будзем шмат казаць – мы схіляем свае галовы перад вамі, героямі, чые мужнасць і адданасць Радзіме павінны і будуць жыць у стагоддзях! Моцнага вам здароўя, нязгаснага аптымізму і пазітыўных эмоцый! З надыходзячым святам, ветэраны! З Днём Перамогі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *