День белорусской письменности стартует 1 сентября

Ад Года культуры да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Не толькі школьны званок прагучыць сёлета ў Дзень ведаў у Беларусі – 1 верасня беларускім словам, музыкай і звонам самых старажытных храмаў будзе сустракаць гасцей Полацк, сталіца Дня беларускага пісьменства.


Праграма свята расцягнулася на 3 дні – з 1 па 3 верасня, але інакш і быць не магло, бо маштабнымі мерапрыемствамі адзначана яшчэ і буйная дата – 500 гадоў беларускага кнігадрукавання, а таксама 1155-годдзе самога Полацка.


Па традыцыі святочныя мерапрыемствы пачнуцца з Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Яна стартуе 30 жніўня ад Свята-Духава сабора г. Мінска і пройдзе па маршруце Святое поле каля в. Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна – г. п. Радунь (Воранаўскі раён) – г. п. Воранава – г. Астравец – г. п. Варапаева – г. Докшыцы – г. п. Бягомль (Докшыцкі раён) – г. Лепель – г. п. Ушачы – г. Полацк. Плануецца, што 3 верасня ў сталіцы Дня пісьменства будзе закладзены сад малітвы.


1 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў г. Мінску адбудзецца гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. А ў сталіцы Дня пісьменства гэты дзень будзе прысвечаны дзецям і моладзі. На плошчы Ф. Скарыны ў Полацку адбудзецца ўрачыстая лінейка «Мы ганаровае імя Скарыны нясём», прысвечаная Дню ведаў. На базе Полацкай дзяржаўнай гімназіі пройдзе Скарынаўская алімпіяда, у межах якой арганізуюць прадметныя конкурсы па беларускай мове і літаратуры, па гісторыі, а таксама творчыя спаборніцтвы: конкурс рыторыкі на рускай і беларускай мовах – рытарычны экспромт.


Гасцей і жыхароў старажытнага горада Музей беларускага кнігадрукавання запросіць 1 верасня ў лабараторыю вынаходніцтваў «Планета Крэатыў у Полацку», дзе будзе рэалізаваны маладзёжны праект «Шлях даўжынёй у 500 гадоў» і арганізавана работа 3D-лабараторыі па мадэляванні, прататыпіраванні і друку.


Напрыклад, на пляцоўцы ля помніка Сімяону Полацкаму пройдзе дзіцяча-маладзёжны фэст «Полацк, ты – крыніца натхнення», у Сафійскім саборы – Музычна-паэтычны праект «У пачатку было слова…». У першы дзень верасня запланаваны арт-акцыі, майстар-класы, квэсты, інтэрактыўныя экскурсіі. Юныя і ўжо дарослыя гледачы даведаюцца, як бавілі час гімназісткі XIX стагоддзя, дзякуючы падарожжу ў мінулае з дапамогай гістарычнай рэканструкцыі. І ў гэты ж дзень стартуе фестываль сярэдневяковай культуры «Рубон». Рознымі па змесце і форме мерапрыемствамі таксама будуць насычаны 2 і 3 верасня. Падрабязней пра праграму Дня беларускага пісьменства мы раскажам у наступным нумары «Зары».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *