25 декабря — Католическое рождество

Актуально

«Нова радасць стала, што йшчэ не бывала, над Бэтлеемам зорка ясна свету заззяла!»

Менавіта так, як штосьці даўняе, але заўсёды новае, жывое і небывалае ўспрымае хрысціянскі свет праўду пра нараджэнне Божага Сына. Так, у гэты свет прыходзіць Бог. Прыходзіць, каб спадарожнічаць чалавеку: умацоўваць у выпрабаваннях, суцяшаць, даваць надзею і паказваць шлях у шчаслівую вечнасць. Таму зноў запальваюцца калядныя елкі, гучаць радасныя спевы, рыхтуюцца падарункі… І гэта таксама важна, бо па-сапраўднаму перажыць такое свята можна толькі паяднаўшыся са сваім бліжнім: папрасіўшы прабачэння і прабачыўшы тым, хто нас пакрыўдзіў. Так, як робіць гэта з намі Бог у Сваім Сыне – адорвае любоўю, бо прымае нас такімі, якія мы ёсць. Не згаджаецца на зло, але ніколі не перакрэслівае чалавека.

Збаўца нараджаецца ў стайні. Ён хоча гэтым сказаць, што не цураецца ніякай жыццёвай сітуацыі, у якую можа патрапіць чалавек. Ён прыйшоў, каб гэтую сітуацыю змяніць і тую людскую душу, якая нярэдка можа выглядаць, як хлеў, перамяніць у палац, у храм Свайго Духа. Таму Ён усклікне ў свой час: «Прыдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я ўмацую вас!» (Мц 11,28). І трэба толькі паверыць у тое, што Хрыстос сапраўды мае моц змяніць жыццё чалавека на лепшае, і што Ён здольны даць сілы прайсці праз выпрабаванні. Гэтую моц адчула на сабе Дзева Марыя, «…Якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Госпадам» (Лк 1,45), і праз гэта стала шчаслівай. Так, нашага жыцця без нас не зменіць ніхто, але дзеля гэтага патрэбнае святло і моц духа, крыніцай якіх з’яўляецца ўцелаўлёнае Божае Слова.

Жадаю кожнаму з нас, дарагія браты і сёстры, каб Бэтлеемская зорка, якая прывяла да ясляў Збаўцы трох мудрацоў з усходу, пастушкоў, што пільнавалі свой статак, і нам адкрыла шлях да Божай Мудрасці, якая дазволіць нам весці жыццё, напоўненае згодай, радасцю і супакоем. Няхай моцная вера, трывалая надзея і непагасная любоў паселяцца ў Вашым сэрцы і ў кожным доме, як некалі гэта здарылася ў сціплай Бэтлеемскай стайні! Са Святам!

Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *