День животновода прошёл в УП Вядерево Бешенковичского района

Заботы сельские

Дзень жывёлавода – мерапрыемства, якое ужо стала традыцыяй. Перад удзельнікамі ставяцца дзве асноўныя задачы. Першая – зрабіць аналіз вытворчых паказчыкаў. Другая – пазнаёміцца з арганізацыяй і ўмовамі працы і побыту жывёлаводаў, «узяць на аловак» праблемныя для працаўнікоў ферм пытанні. На гэты раз Дзень жывёлавода адбыўся ў сельгаспрадпрыемстве «Вядзерава», на базе аднайменнай малочнатаварнай фермы.


Для падвядзення вынікаў працы ў гаспадарку прыехалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Гаралевіч, галоўны спецыяліст аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўпраўлення райсельгасхарчу С. Д. Папко, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў АПК В. А. Кучынская.


З вынікамі працы за 2017 год прысутных пазнаёміла галоўны эканаміст прадпрыемства В. А. Сухвал. Вікторыя Аляксееўна правяла параўнальны аналіз вытворчых паказчыкаў жывёлаводаў, тым самым нацэліўшы іх на дасягненне яшчэ большых.


– Валавы надой у цэлым па гаспадарцы склаў 3487,2 т малака, у тым ліку 1858 т – па дадзенай ферме, – адзначыла спецыяліст. – Удой на карову – 5283,6 кг, па МТФ «Вядзерава» – 6635 кг. Сярэднясутачны ўдой на карову – 14,48 і 18,2 кг адпаведна. Варта адзначыць і той факт, што прадукцыя вырошчвання склала 319 т, сярэднясутачныя прывагі – 576 г. Сёння ў прадпрыемстве налічваецца 714 галоў прыплоду.


Таксама галоўны эканаміст звярнула ўвагу на тое, што важную ролю ў вытворчасці малака адыгрывае яго якасць. Чым вышэй гатунковасць малака, тым большы кошт, па якім яно прадаецца, а значыць, і больш значны прыбытак для гаспадаркі. Адпаведна, ад гэтага залежыць і памер заработнай платы, прэміравання работнікаў. Паказальна, што за мінулы год 95% малака ішло ў гаспадарцы гатункам «экстра» і таварнасцю 87,7%. Гэта нядрэнна. Валавы надой у 3661 т (на 5% больш за мінулагодні), прадукцыя вырошчвання – 324 т (на 2% больш) і 800 галоў прыплоду – такіх паказчыкаў запланавана дасягнуць сёлета.


Такія мерапрыемствы неабходныя і кіраўнікам, і спецыялістам, і работнікам гаспадарак. Бо, у першую чаргу, важная інфарматыўнасць: хто і за што атрымлівае грошы, за якія вынікі прадугледжаны даплаты і прэміі, за што, наадварот, на прэмію можна не разлічваць. Дзень жывёлавода – магчымасць разам вырашыць праблемы, парадавацца поспехам таварышаў, у цёплай абстаноўцы пагутарыць з аператарамі машыннага даення і жывёлаводамі, падзякаваць ім за працу, абмеркаваць бягучыя вынікі і планы, прааналізаваць шляхі іх дасягнення. Ён аб’ядноўвае людзей, своеасабліва стымулюе кожнага члена калектыву на добрасумленнае і стараннае выкананне сваіх працоўных абавязкаў, што (і не трэба аб гэтым забываць!) з’яўляецца першым крокам да поспеху.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *