Лучшей в районе признана пионерская агитбригада из Кореневской д/с-СШ

Год малой родины

Раённы этап VI рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад «Запалі вогнішча дабра!» сабраў у экалагічным аддзеле ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі» навучэнцаў сямі ўстаноў адукацыі раёна — членаў ГА «БРПА». Мерапрыемства праводзілася з мэтай фарміравання ідэйна-маральнай, грамадзянскай культуры і патрыятызму падрастаючага пакалення, было прысвечана Году малой радзімы і Дню піянерскай дружбы, а таксама прымеркавана да 95-годдзя Піянерыі і 100-годдзя камсамольскага руху.


Традыцыі, гісторыя і сучаснасць — нібы тры «кіты», на якіх трымаецца свет. Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа — яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры. Цікавасць да даўніны мае духоўны характар, яна караніцца ў сутнасці чалавека, жыццё якога вельмі кароткае, але чый розум жадае агарнуць неахопны час, зазірае ў будучыню і пранікае ў мінулае. У народзе кажуць, што чалавек, які не ведае свайго мінулага, не мае права на будучае. Толькі дрэва з моцнымі каранямі можа і будзе жыць доўга. Напэўна таму арганізатары агляду-конкурсу прапанавалі членам ГА «БРПА» паспрабаваць сілы ў гэтых трох накірунках.


Першымі на сцэну ў намінацыі «Азбука беларускага арнаменту» выйшлі агітбрыгады «Беларусы» (Бачэйкаўская СШ), «Сімвал» (Ржаўская д/сад-СШ) і «Беларускі арнамент — гэта сімвал народа» (Каранеўская д/сад-СШ). Сродкамі агітацыйнай творчасці піянеры імкнуліся паказаць унікальнасць беларускага народа, традыцый, старажытнасць паходжання, этнічную прыналежнасць. У сваіх выступленнях яны разважалі пра тое, што нацыянальны арнамент — той знак, які яднае ўсіх беларусаў. Беларускі арнамент — больш чым проста вышыванка. Кожны яго элемент — гэта свайго роду тайнапіс, шыфроўка.


Усе ўзоры прызначаны для мноства нагодаў. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці, маці, свят, песень, язычніцкай міфалогіі, кахання, чалавека, сям’і і дзяржавы, веры і жыцця — беларусы ў сваёй творчасці закранулі амаль усё тое, што акружае чалавека. Яшчэ адным з сімвалаў-асноў, пра якія ніколі не забудзецца ні адзін этнас, з’яўляецца вобраз Радзімы, зямлі-карміцелькі. Любоў да роднай зямлі для жыхароў любой краіны свету — пачуццё светлае і добрае. Туга і боль па Радзіме, любоў да зямлі тых беларусаў, каго лёсам занесла ў іншую краіну, — усё гэта матывавала на стварэнне асаблівага арнаменту. Павага да нацыянальных традыцый і самабытнасць беларусаў адлюстраваны і ў дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны.


Такім чынам, беларускі ўзор — не проста прыгожыя крыжыкі, квадрацікі і птушачкі, а канкрэтны «мэсідж», што звязвае пакаленні беларусаў. Сёння нацыянальны арнамент набірае ўсё большую папулярнасць, становіцца неад’емнай часткай у афармленні прадметаў побыту і візуальнай прасторы.


Да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў намінацыі «Бітва за Беларусь» у сваіх выступленнях звярнуліся піянерскія агітбрыгады «Проста памятаць павінен кожны» (гімназія-інтэрнат) і «Помніць сэрца і не забудзе ніколі» (Ульская СШ). Размова ішла пра захаванне памяці народа, пра вызваленне малой радзімы, вобласці і краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мужнасць народа, подзвіг і гераізм беларусаў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць кожнага з нас, народа і краіны, пра ўзброенае супраціўленне «новаму парадку», партызанскі і падпольны рух. Піянеры ўзгадвалі, як у выніку стратэгічнага наступлення Чырвонай Арміі ў 1943 годзе фронт непасрэдна наблізіўся да межаў Беларусі. 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр Камарын. Затым — Хоцімск, Клімавічы, Крычаў, а 26 лістапада — абласны цэнтр Гомель. У ходзе буйнамаштабнай наступальнай аперацыі «Баграціён» з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г. была вызвалена тэрыторыя Беларусі.


Піянерскі і камсамольскі рух за час існавання ўзгадаваў не адно пакаленне лідараў, кіраўнікоў з актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй. І сёння ГА «БРПА» і ГА «БРСМ» з’яўляюцца вядучымі дзіцячай і маладзёжнай арганізацыямі ў краіне.


У намінацыі «4G фармат: новы фармат узаемадзеяння» агітбрыгады «Разам у будучыню» (СШ №2 г. п. Бешанковічы) і «Новае пакаленне» (СШ №1 г. п. Бешанковічы) прадставілі новыя магчымасці супрацоўніцтва членаў гэтых грамадскіх аб’яднанняў — акцябрат, піянераў, бээрэсэмаўцаў, якія робяць стаўку на перадачу назапашанага вопыту, пераемнасць арганізацый, захаванне і памнажэнне традыцый, новыя ідэі, ініцыятывы, праекты і перспектывы, дружбу дзяцей, моладзі і дарослых. Школьнікі ходзяць у паходы і вывучаюць гісторыю роднага краю, захоўваюць традыцыі бацькоў і дзядоў, клапоцяцца пра ветэранаў вайны і працы, шэфствуюць над помнікамі і абеліскамі. І спіс гэтых добрых спраў можна працягваць бясконца.


Вядома ж, усе агітбрыгады імкнуліся да перамогі, але конкурс ёсць конкурс. Па меркаванні журы, у намінацыі «Азбука беларускага арнаменту» першае месца заваявала агітбрыгада з Каранеўскай школы, другое — у піянераў з Бачэйкава. У намінацыі «Бітва за Беларусь» прысуджана толькі другое месца, яно дасталася агітбрыгадзе з Ульскай СШ. У намінацыі «4G фармат: новы фармат узаемадзеяння» журы таксама вырашыла не вызначаць лідара, прысуджана толькі трэцяе месца агітбрыгадзе з СШ №1 г. п. Бешанковічы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *