Перезагрузка со знаком плюс, или Сельхозпроизводители Бешенковиччины обсудили задачи номер один

Заботы сельские

Выязная нарада па пытаннях падрыхтоўкі да вясенніх палявых работ, вытворчасці малака адбылася на базе УП «Свіціна-ВМК». Удзел у ёй прынялі кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна.


Работа семінара пачалася з наведвання мехдвара, дзе агрэгаты ўжо выстраіліся на лінейку гатоўнасці. Да прысутных звярнуўся начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. У ходзе нарады ён прааналізаваў ступень гатоўнасці нашых сельгасвытворцаў, пазначыў асноўныя задачы, якія стаяць у бягучым годзе. Сяргей Генадзьевіч падкрэсліў важнасць кантролю за забяспечанасцю насенным матэрыялам, унясеннем угнаенняў.


– Надыходзіць вельмі важны і адказны перыяд для сельскагаспадарчай галіны, менш за месяц засталося да пачатку пасяўной кампаніі, – засяродзіў увагу прысутных С. Г. Акуневіч. – Таму зараз, напярэдадні веснавой сяўбы, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб работы былі праведзены якасна.


Працаўнікі абмеркавалі надзённыя пытанні, атрымалі адпаведныя рэкамендацыі. Увага ўдзельнікаў мерапрыемства была звернута на пытанні аховы працы і тэхнікі бяспекі (каб на энерганасычаную тэхніку было па два механізатары), абавязковае правядзенне інструктажу, наяўнасць медыцынскіх справак, укамплектаванасць трактароў вогнетушыцелямі і інш. Пра гэта нагадаў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу М. В. Кавалёнак.


Справаздачу трымала дырэктар УП «Свіціна-ВМК» Л. П. Мамойка.


– Паспяховая работа раслінаводства і жывёлагадоўлі шмат у чым залежыць ад гатоўнасці тэхнікі, гэта аснова, – адзначыла Людміла Пятроўна падчас «экскурсіі» па мехдвары. – І, хоць вясна для аграрыяў – заўсёды цяжкі экзамен, мы павінны вытрымаць яго годна. Сёлета плошча яравой сяўбы складае 820 гектараў (азімых пасеялі 1064 га). У гаспадарцы створаны механізатарскія звенні. Адно з іх – па падрыхтоўцы глебы (культывацыя з чызеляваннем) – будзе працаваць у дзве змены.


Калі ў раслінаводстве задача нумар адзін – падрыхтоўка да веснавых работ, то ў жывёладагоўлі – павелічэнне вытворчасці малака, а прыбаўкі тут можна дасягнуць, толькі калі правільна арганізаваць кармленне. Гэтай тэме была прысвечана другая частка семінара, што прайшла на ферме «Вярхоўе». Размову з кіраўнікамі і спецыялістамі вялі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок, дырэктар філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» У. П. Белязека і галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў. Як дасягнуць павышэння якасці малака? Што павінна ўваходзіць у склад ідэальнай кармасумесі? Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі ўдзельнікаў нарады. Сярод надзённых былі таксама і такія, як арганізацыя працы, раздойванне, асемяненне, правядзенне сартавання жывёлы, паасобнае кармленне кароў, забяспечанасць неабходнымі жывёламесцамі, замацаванне спецыялістаў, адказных за санітарны стан месцаў для прыёмкі цялят і г. д.


Напрыкацы мерапрыемства падвялі вынік, з якім нельга не пагадзіцца: у сельскай гаспадарцы дробязей быць не можа. Для таго, каб паспяхова пераадольваць цяжкасці, трэба рацыянальна выкарыстоўваць усе магчымасці, не губляць час дарма і проста годна працаваць. А праца ў гаспадарках раёна і сапраўды зараз ідзе напружаная.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *