В Бешенковичском районе продолжаются Дни животновода

Заботы сельские

У мінулы аўторак на базе МТФ «Янаўшчына» КСВУП «ДраздыАгра» адбыўся Дзень жывёлавода. На сустрэчы з калектывам прысутнічалі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок, галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка.


Падводзячы вынікі за два месяцы бягучага года, галоўны эканаміст гаспадаркі В. Д. Мамойка спынілася на асноўных паказчыках дзейнасці. Валянціна Дзмітрыеўна адзначыла, што яны выглядаюць не лепшым чынам (ніжэй за мінулагоднія). Так, на сённяшні дзень на МТФ «Янаўшчына» налічваецца 268 галоў буйной рагатай жывёлы (у тым ліку 93 каровы). Працоўны калектыў – 9 чалавек. Валавая вытворчасць малака па гаспадарцы склала 369 т (у тым ліку 52 т – па ферме «Янаўшчына»). Удой на адну карову – 557 кг (па дадзенай ферме – 549 кг). Дзяржаве рэалізавана 309 т малака. Валавыя прывагі БРЖ склалі 27,4 т, сярэднясутачныя – 371 г. Атрымана 136 галоў прыплоду. Кошт вырабленай валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах – 76,3% да ўзроўню мінулага года. Сярод малочнатаварных ферм гаспадаркі лепшыя паказчыкі мае МТФ «Дразды». На другім і трэцім месцах – МТФ «Пяцігарск» і «Янаўшчына». Сярод даярак прадпрыемства вылучаюцца Вольга Фёдараўна Сухарава (удой на карову – 556 кг) і Галіна Уладзіміраўна Салодкая (547 кг).


– Усім вам вядома, што ў гэты перыяд зарплата ў асноўным залежыць ад малака, – заўважыла Валянціна Дзмітрыеўна. – За два месяцы гатункам «экстра» рэалізаваны 71% (мінулагодні паказчык – 53%), тлустасць – 3,29%, таварнасць – 83,8%. Вытворчасць малака знізілася на 86 т. Фактычна, з улікам сярэдняй цаны рэалізацыі, мы недаатрымалі 50,6 тыс. руб., акрамя таго, з-за зніжэння якасці малака недаатрымалі яшчэ 27,8 тыс. руб. (усяго, лічым, 78,4 тыс. руб.). У той час, калі на выплату заработнай платы працаўнікам сельгаспрадпрыемства (з улікам падаткаў!) неабходна 60 тыс. руб. Выходзіць, мы недаатрымалі наш месячны заробак! Зразумела, год для гаспадаркі быў складаны: нарыхтавалі недастатковую колькасць кармоў, цяпер іх прыходзіцца купляць. Аднак пакупныя – не свае, яны прайграюць па якасці. Як вынік – ідзе мінус па малаку.


Аднак усё ж такі, як вызначылі падчас сустрэчы, корань зла – у адносінах да працы. Іх трэба змяніць, і сур’ёзна.


– Адну справу робім, кожны ў яе ўносіць свой пасільны ўклад, таму і важна згуртаванасць калектыву, – адзначыў у сваім выступленні А. В. Баранок. – Прааналізаваць шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася, аднаму чалавеку нялёгка, але ж калектыў заўсёды можа ўнесці прапановы, каб сумеснымі намаганнямі прыйсці да станоўчай дынамікі. Самі разумееце, што трэба павялічваць прывагі, надоі, каб зарплата не была мінімальнай, а з кожным месяцам толькі павялічвалася. Сёлетні год – рашаючы. Нарыхтуем кармы – будзе сытай жывёла. Тады і выручка будзе, і зарплата.


У сваю чаргу пытанні да кіраўніцтва знайшліся і ў працаўніц фермы. У ліку самых хвалюючых – арганізацыя падвозу працаўнікоў, як быць з дахам фермы, што даўно ўжо патрабуе рамонту і іншыя. Абмяркоўвалі працоўныя будні, пытанні захавання дысцыпліны і аховы працы, заработнай платы. Акрэсленыя ў ходзе сустрэчы праблемы Аляксандр Віктаравіч паабяцаў узяць на кантроль. Ён упэўнены, што ўсе задачы і цяжкасці вырашальныя. Трэба толькі своечасова прымаць комплексныя меры пры цесным узаемадзеянні спецыялістаў гаспадаркі і саміх работнікаў ферм. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на добрыя вынікі ў працы.


Правядзенне Дзён жывёлавода будзе працягнута. Чытайце аб іх у наступных нумарах «Зары».


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *