В числе лучших животноводов Витебщины — труженица из Бешенковичского района

К 80-летию Витебской области

Соль зямлі… Так кажуць пра выдатных прадстаўнікоў грамадства, вопытных і надзейных працаўнікоў. Нямала іх і на Бешанковіччыне. Людзей, што з раніцы да вечара шчыруюць на палетках, фермах і комплексах гаспадарак, сеюць і жнуць, клапоцяцца пра жывёлу… Дзейнасць гэтых рупліўцаў не застаецца незаўважанай. Самых-самых заўсёды ўшаноўваюць: граматы, прэміі, шчырыя словы, апладысменты… Яны гэтага варты. Вось і напярэдадні свята 8 Сакавіка (што невыпадкова, бо менавіта жанчыны складаюць большасць працуючых у галіне!) на Віцебшчыне ўшанавалі лепшых жывёлаводаў.


Урачыстасці ў юбілейны для Віцебскай вобласці год разгарнуліся ў Доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Узнагароды знайшлі сваіх герояў: 150 перадавікоў адзначаны каштоўнымі падарункамі, Ганаровымі граматамі і Падзякамі аблвыканкама, галіновага міністэрства, рэспубліканскага і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.


На цырымоніі прысутнічала дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Анатольевічам Булаўкіным. У яе складзе былі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка і прадстаўнікі працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый: аператар свінагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм вытворчага ўчастка «Свіціна» ВУП «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» Людміла Іванаўна Гарадзюшка, загадчык Бешанковіцкай участковай ветэрынарнай лячэбніцы ветурач-эпізаатолаг Марына Уладзіміраўна Глінская, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ «Саннікі» ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Марына Уладзіміраўна Вядзернікава, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ «Крупеніна», «Малы Двор», «Пушкары», «Горкі» УП «Вядзерава» Таццяна Уладзіміраўна Разгонава, жывёлавод пятага разраду Валерый Ягоравіч Селіванаў і аператар машыннага даення Лена Леанідаўна Стук (абодва – працаўнікі ДП «ПалітаддзелецАгра»), а таксама інжынер па ахове працы УП «Свіціна-ВМК» Валянціна Анпалітаўна Шашкова.


Асабліва ўзрадавала і ўзвысіла пачуццё гонару за наш край і яго рупліўцаў узнагарода – Ганаровая грамата аблвыканкама, якой была адзначана Людміла Іванаўна Гарадзюшка. Свіцінская працаўніца дасягнула высокіх паказчыкаў. Валавыя прывагі яе падапечных за 2017 год склалі амаль 278,4 тоны, сярэднясутачныя – 634 г.


Радуемся разам з вамі, Людміла Іванаўна, і далучаемся да віншаванняў. Моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, новых дасягненняў і працоўных перамог, веры ў заўтрашні дзень!


Жывёлагадоўля – у ліку самых складаных галін сельскай гаспадаркі. Яна забяспечвае харчовую бяспеку краіны, з’яўляецца асновай паспяховага развіцця эканомікі дзяржавы. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі аграрыі Віцебшчыны (а значыць, і Бешанковіччыны!) вымушаны працаваць у больш складаных прыродна-кліматычных умовах, што, аднак, не змяншае іх аптымізм і любоў да сваёй справы. Што тут скажаш – так трымаць!


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *