Выстава тканых і вышываных рэчаў Уратаваныя скарбы адкрылася ў Бешанковічах

Год малой родины

Чырвонаю ніткай на белай тканіне


Стварае жыццё каля печы дзяўчына.


Старанна іголкай за крыжыкам крыжык


Яна вышывае ў часіны зацішшаў


Пра спевы ды сонца, багацце, каханне,


Каб любы здалёк прыляцеў на спатканне,


Каб дзеткі з’явіліся, мары збыліся,


Каб продкі навек у жыцці засталіся.


Адна тут прычына: асаблівыя і розныя


Стварае дзяўчына ў час моцных марозаў


На белай тканіне не проста ўзоры,


А памяць народа, часоў даўніх споведзь.


Шмат сказана ў гэтых некалькіх вершаваных радках пра ролю вышыўкі ў жыцці нашых продкаў. Пра тое, наколькі яна была важная для нашых бабуль і родзічаў, як беражліва захоўвалася, які сакральны сэнс і веды ўкладваліся ў кожнае вышыванае палатно, ішла размова падчас прэзентацыі выставы тканых і вышываных рэчаў «Уратаваныя скарбы», якая сімвалічна адкрылася ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Міжнародны дзень роднай мовы.


Дырэктар Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў Алеся Іванаўна Аўчыннікава зрабіла невялікую экскурсію па гісторыі такіх народных промыслаў, як вышыўка і тканыя рэчы. Вясельныя і звычайныя ручнікі, накідкі і вышываныя падушкі, саматканыя посцілкі… Кожная з прадстаўленых работ, а некаторым з іх ужо больш за 100 гадоў, сагрэта цяплом малой радзімы і захоўвае таямніцы нашай культурнай спадчыны і памяць беларускага народа.


– Прыкладна так выглядала любая сялянская хата яшчэ ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя. Падобны інтэр’ер можна было знайсці ў любой сядзібе ў вёсцы і ўразіцца прыгажосцю немудрагелістых узораў. Калі паглядзець уважліва на тканыя вышыванкі, то ўбачым істотную розніцу ў тэхніцы, – звярнула ўвагу Алеся Іванаўна. – Тут прадстаўлены ручнікі і посцілкі канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя і пазнейшыя вырабы – пасляваенныя, датаваныя 50-60 гадамі мінулага стагоддзя.


Чым яны адрозніваюцца? Для больш ранніх работ выкарыстана саматканае палатно і вышыўка з геаметрычным узорам у асноўным з чорна-чырвоным малюнкам, што было характэрна для нашага раёна, у суседнім Сенненскім, напрыклад, выкарыстоўвалі зялёны і сіні колеры, а ўжо ў 50-60-х гадах ХХ стагоддзя пераважае так званая крамная тканіна (набытае ў магазіне палатно) і шматколерная вышыўка гладдзю…


Гледзячы на буянства фарбаў і гэта хараство, у думках перанеслася ў далёкае дзяцінства. Успомнілася, як я гасцявала ў маленстве ў бабулі Ліды ў в. Судзілы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці: яе дом быў у такім жа «карункавым» убранні, заўжды ўтульны, сагрэты цяплом душы і па-хатняму гасцінны.


Але ўзнікае пытанне: «Чаму такая незвычайная назва ў выставы – «Уратаваныя скарбы»?» Аказваецца, цяпер гэтыя рэдкія рэчы, выстаўленыя для ўсеагульнага агляду, беражліва захоўваюцца ў прыватных калекцыях Надзеі Фёдараўны Ганусевіч і Марыны Пятроўны Протас з Бачэйкава, Таццяны Цімафееўны Бабаед з райцэнтра і ў раённым Доме рамёстваў. У мінулым яны належалі іх матулям, бабулям і прабабулям.


Між тым прыкладна 70% ад прадстаўленага аб’ёму вырабаў знойдзены і выратаваны ад забыцця, вогнішча і смеццевых звалак Андрэем Віктаравічам Трубецкім – чалавекам, неабыякавым да спадчыны і гісторыі раёна, аматарам этнаграфіі, калекцыянерам, кавалём і выратавальнікам па сумяшчальніцтве. Гэта ён выратаваў унікальныя рэчы і з’яўляецца натхняльнікам стварэння выставы. Ідэю Андрэя Віктаравіча падтрымала яго аднадумца Зоя Віктараўна Каравач – педагог дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі». Захавальніца памяці пра сваіх продкаў – бабулю і прабабулю – таксама прадставіла на выставе тканыя вырабы, створаныя рукамі блізкіх ёй і дарагіх сэрцу людзей.


Народны настаўнік СССР Уладзімір Амбросавіч Каракоўскі казаў: «Без памяці – няма гісторыі, без гісторыі – няма культуры, без культуры – няма духоўнасці, без духоўнасці – няма выхавання, без выхавання – няма Чалавека, без Чалавека – няма Народа!». Прыйшоў час кожнаму з нас у Год малой радзімы не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат пра яе. Наша малая радзіма мае патрэбу ў тым, каб зрабіць нешта добрае і карыснае для свайго роднага краю.


– Вам не патрэбны старажытныя вышыванкі і посцілкі, што рабілі вашы продкі, не ведаеце, што з імі рабіць, бо яны, на вашу думку, толькі займаюць месца ў шафе? Не выкідвайце! – як заклік прагучалі словы З. В. Каравач. – Нясіце да нас: у прыватны музей Андрэя Трубецкага, у аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына», якім я кірую, у раённы Дом рамёстваў, у бібліятэку. Мы знойдзем ім прымяненне і падорым другое жыццё. Калі не ведаеце, што хацеў сказать аўтар ручнікоў у сваіх узорах, на шчасце, у раёне ёсць спецыялісты, якія дапамогуць у гэтым разабрацца. Гісторыю можна вывучаць не толькі па кнігах, куды цікавей спазнаваць таямніцы нашай малой радзімы па такіх вось старажытных рэчах…


«Давайце зберажом нашу культурную спадчыну!» – гэта галоўная думка выставы, якая яшчэ будзе працаваць у цэнтральнай раённай бібліятэцы на працягу сакавіка і красавіка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *