Аграрии Бешенковиччины ведут подсев многолетних трав

Заботы сельские

Як толькі прыгрэла сонейка і ўмовы надвор’я дазволілі прыступіць да веснавых палявых работ, аграрыі выйшлі ў поле. У канцы сакавіка працаўнікі вёскі ўзяліся за падсеў шматгадовых траў пад азімыя культуры. Сельгасвытворцы раёна плануюць правесці работы на плошчы 5750 га і на ўчарашні дзень справіліся з заданнем на 35%.


Арганізавана адкрылі сезон веснавых палявых работ у ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Аб’ём работ у гаспадарцы трэба выканаць вялікі – падсеяць шматгадовыя травы плануецца на плошчы 1300 га. Складана спрачацца са сцвярджэннем, што «лыжка к абеду дарагая». Але ранняй вясной, мабыць, вастрэй за аграрыяў мала хто адчувае справядлівасць гэтай прыказкі. Таму, збіраючыся пакараць вясновае распуцце ў полі, наватарцы зрабілі стаўку на самаходную машыну «Раса».


Добра спраўляецца з ёю адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Віктар Пятровіч Берднік. Мы заспелі яго за працай на полі плошчай 78 га паміж комплексам у Малых Галынях і вёскай Целяпы, дзе працаўнік сяла падсяваў канюшыну па азімым трыцікале. Тут жа на полі «вахту» нёс механізатар, заняты на падвозцы насення, Васіль Васільевіч Санько, за захаваннем тэхналогіі работ сачыла в. а. галоўнага агранома ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Наталля Генадзьеўна Вядзернікава.


«Каб насенне лепш прарасло, яно павінна легчы ў раннюю глебу, калі зямля яшчэ вільготная, таму мы пачалі работы, як толькі тэхніка змагла выйсці ў поле, – расказала Наталля Генадзьеўна. – Менш чым за тыдзень канюшынна-цімафеевічнай сумессю падсеяна 320 га, а гэта поле «запраўляем» толькі канюшынай».


Механізатар Віктар Пятровіч Берднік, які больш за 30 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы на розных відах работ, а цяпер заняты падсевам шматгадовых траў, з шасці-сямі раніцы на палявым стане. «Я стараюся пачаць працу крыху раней, таму што «Раса» па падмерзлай за ноч зямлі ездзіць лепш і не рэжа каляіны», – тлумачыць Віктар Пятровіч. Адказны і добрасумленны працаўнік у дзень засявае травой 60-80 га глебы. «Магу і 90 гектараў засеяць, – прызнаецца ён, – усё залежыць ад умоў надвор’я, а яшчэ важна, каб тэхніка працавала без перабояў».


На ўчарашнюю раніцу ў гаспадарцы шматгадовыя травы падсеялі ўжо на плошчы 560 га.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *