Готовность аграриев Бешенковиччины к посевной обсудили на семинаре-совещании

Заботы сельские

Апошнія дні сакавіка выдаліся па-зімоваму халоднымі і снежнымі, што дало аграрыям яшчэ крыху часу, каб цалкам падрыхтаваць тэхніку да веснавых палявых работ. Гэта тэма стала адной з вядучых у ходзе раённага семінара-нарады, які праходзіў на базе ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».


Адкрываючы нараду на машынным двары гаспадаркі ў аг. Верхняе Крывіна, старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін адзначыў, што летась такой парой аграрыі ўжо вялі ворыва глебы і рыхтаваліся да сяўбы. Сёлета вясна пакуль не спяшаецца, але расслабляцца нельга. «Калі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», ДП «ПалітаддзелецАгра», УП «Вядзерава», УП «Свіціна-ВМК» і Ульскі ліцэй практычна гатовы да выхаду ў поле, то непаваротлівасць ДП «ДраздыАгра», ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс» і ДП «ПлісыАгра» выклікае занепакоенасць, — адзначыў Андрэй Анатольевіч. — З 1 красавіка павялічвайце працоўны дзень, а ў полі арганізоўвайце двухзменную работу. Не паспяваеце — працуйце кругласутачна, нацэльвайцеся на тое, што да 9 мая трэба будзе завяршыць сяўбу яравых культур».


Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч нагадаў, што стаяла задача да 25 сакавіка паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці, а да 1 красавіка — прайсці тэхагляды. Па гэтых пытаннях будзе ацэньвацца работа кіраўнікоў гаспадарак і інжынерна-тэхнічнай службы, бо пры станоўчых тэмпературах аграрыям прыйдзецца аператыўна прыступіць да падрыхтоўкі глебы — узворвання і культывацыі, а затым і сяўбы. Будуць створаны тэхналагічныя групы, якія возьмуць на сябе кантроль за якасцю работ.


Сяргей Генадзьевіч таксама звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на пытанні аховы працы і тэхнікі бяспекі, у прыватнасці, забеспячэнне земляробаў спецвопраткай, вогнетушыцелямі, перад выхадам у поле працаўнікі вёскі павінны прайсці інструктажы, гаспадаркі — набыць алкатэстары, падрыхтаваць сталовыя і арганізаваць двухразовае гарачае харчаванне. Абмяркоўваліся пытанні ўдзелу шэфаў з г. Віцебска ў пасяўной кампаніі, арганізацыя работ па зборы камянёў з палёў. Як прагучала на нарадзе, дзяржава плануе выдаць таварны крэдыт для набыцця паліва на пачатак веснавых палявых работ.


Дырэктар ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» далажыў аб гатоўнасці сельгаспрадпрыемства да выхаду ў поле і падзяліўся вопытам, як рыхтаваліся да пасяўной.


– Гаспадарка наша вялікая: маецца 64 трактары, у тым ліку 11 энерганасычаных, плюс іншая неабходная тэхніка. Рамонт пачалі з восені, інакш мы б не паспелі «падняць» усе трактары, бо большасць з іх у працы ўжо па 8-9 гадоў. У месяц на рамонт тэхнікі адшуквалі каля 70 тысяч рублёў. Гэта дазволіла сустрэць 1 красавіка са спраўным машынна-трактарным паркам, 63% трактароў прайшлі тэхагляд з першага разу, – падзяліўся Леанід Канстанцінавіч. – Гаспадарка цалкам забяспечана насенным матэрыялам, закупілі суперэліту пшаніцы і ячменю. Застаецца вырашыць пытанні са спецвопраткай, яна ўжо заказана – трэба толькі аплаціць. Завяршаем рамонт сталовай, набіраем людзей, якія будуць карміць нашых механізатараў. Распрацоўваем сістэму аплаты працы на час пасяўной, ужо пры правядзенні рамонту тэхнікі павысілі расцэнкі для механізатараў. Настрой добры, гатовы правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны. Засеяць яравымі культурамі нам трэба будзе каля 3 тысяч га.


Пасля абмеркавання пытання гатоўнасці тэхнікі да выхаду ў поле ўдзельнікі семінара-нарады адправіліся на комплекс у Буднікі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». На парадак дня былі вынесены пытанні атрымання прыплоду і вырошчвання маладняку, раздойвання, атрымання малочнай прадукцыі, асемянення жывёлы і працы з малаком, яго якасць і рэалізацыя. Паказальным у гэтым плане можа быць вопыт ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», якім падзяліўся дырэктар гаспадаркі Л. К. Пянькоўскі. Па словах Леаніда Канстанцінавіча, у гаспадарцы перагледзелі ўвесь тэхналагічны працэс – ад атрымання цялят да раздойвання новацельных кароў – і за паўгода ўдалося значна прыбавіць у вытворчасці малочнай прадукцыі. У сакавіку тут надаівалі 31 тону 139 кг малака за дзень і амаль на 5 тон павялічылі яго продаж дзяржаве ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. На карову атрымалі ў сярэднім 20 літраў малака, або 120% да ўзроўню мінулага года. Займаюцца не толькі пытаннямі павелічэння колькасці прадукцыі, але і сочаць за якасцю: з комплекса ў Будніках на выхадзе маюць 100% малака гатункам «экстра», па гаспадарцы – 78%.


Больш за дзве гадзіны ішла сур’ёзная размова пра тэхналогіі вытворчасці малака і вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Размову з кіраўнікамі гаспадарак і галоўнымі заатэхнікамі вялі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. У. Баранок, дырэктар філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» У. П. Белязека і галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў. Крок за крокам спецыялісты абмяркоўвалі ўсе нюансы работы жывёлаводаў: ад атрымання прыплоду да якасці малака.


«Ні для каго не сакрэт, што жывёлагадоўля дае нам асноўны прыбытак: малако і мяса –гэта жывыя грошы. У каго нармальна арганізавана работа па атрыманні сельскагаспадарчай прадукцыі, сярэднясутачных надояў і прываг, у таго ёсць фінансы, тыя гаспадаркі жывуць добра, – падсумаваў начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. – Каб не ўзнікала пытанняў: чаму такая нізкая зарплата, а мы нават гэтыя грошы не можам атрымаць своечасова, трэба працаваць не пакладаючы рук!»


Безумоўна, як вырошчваць цялушку, як раздойваць карову, чым карміць – усё гэта ўвязана з эфектыўнасцю працы і ростам вытворчасці прадукцыі. Вынік маюць толькі тыя кіраўнікі, хто глядзіць у будучыню, задумваецца пра тое, як правільна арганізаваць прыём ацёлаў, захаваць і вырасціць цялят, не дапусціць выбыцця жывёлы, дасягнуць максімальных прываг, асемяніць і атрымаць цялушак, а затым выйсці на якаснае малако. У гэтым ланцужку шмат залежыць і ад стаўлення спецыялістаў гаспадаркі да сваіх абавязкаў, і ад кіраўніка: наколькі ён валодае тэхналогіяй, наколькі патрабуе яе выканання ад сваіх падначаленых, такі будзе і вынік. Формула простая: ёсць якасная прадукцыя – будзе і прыбытак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *