Спортивные битвы разыгрались в Бешенковичах в выходной

Спорт

Адкрытае першынство раёна па валейболе прайшло ў апошнюю суботу сакавіка. На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў прысутнічаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, які павіншаваў спартсменаў і шчыра пажадаў поспехаў, каб ад любімай гульні яны атрымлівалі толькі задавальненне.


Пазітыўны настрой дапамаглі стварыць музычны падарунак ад метадыста раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Андрэя Карбоўскага, а таксама харэаграфічная пастаноўка Валянціны Жукавай.


Каманды былі падзелены на дзве групы. У першай спаборнічалі арганізацыі, прадпрыемствы, аграгарадкі, калектывы фізічнай культуры і спорту, а таксама ўсе жадаючыя, хто з’яўляецца сапраўдным аматарам здаровага і актыўнага ладу жыцця. Пра сваё жаданне пазмагацца заявілі дзевяць каманд: прадстаўнікі райвыканкама, аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, РАНС, УА «Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара», ДЮСШ, УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», аграгарадкоў Астроўна, Будзілава і Бачэйкава. Спартыўныя «бітвы» ішлі на пляцоўках у СШ №2 г. п. Бешанковічы і ДЮСШ.


Другую групу склалі спартсмены ўстаноў адукацыі раёна: СШ №1 і №2 райцэнтра, Вярхоўскай БШ, Ржаўскай, Астровенскай і Каранеўскай д/с-СШ. Валейбалісты сустрэліся на пляцоўцы ў ФСК «Дзвіна».


Аматары спорту змагаліся ўвесь дзень. Змагаліся і перамагалі, фартуна ўсміхалася і адным, і другім, час ішоў, а лік заставаўся роўным, хоць, здавалася, перамога была зусім блізка. У такім разе, калі дзвюх партый было недастаткова, спартсмены разыгрывалі трэцюю. Упарта, горача, каб заваяваць права звацца лепшай камандай і ўзняцца на п’едэстал гонару. І вось надышоў доўгачаканы момант! Гульцы сабраліся ў ДЮСШ на ўрачыстую цырымонію ўшанавання пераможцаў. Хваляваліся і жартавалі, здзіўляючыся сваім поспехам. Прадчуваючы радасныя навіны, валейбалісты нецярпліва мітусіліся, падбадзёрвалі таварышаў. Бляск медалёў ужо адлюстроўваўся ў іх вачах.


У першай групе золата ўзялі валейбалісты аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. З гэтай каманды, дарэчы, і лепшы гулец першынства – Ігар Гурскі. Серабро заваявалі прадстаўнікі РАНС, а бронзу – валейбалісты з аг. Бачэйкава. Сярод спартсменаў устаноў адукацыі першынство было за камандай СШ №2 райцэнтра, другое месца прысуджана Каранеўскай д/с-СШ. У тройку лідараў увайшла і СШ №1 г. п. Бешанковічы. Лепшым гульцом прызнаны Уладзімір Кухто з каманды, што стала сярэбраным прызёрам спаборніцтваў. Пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Акрамя ФСК «Дзвіна» фінансавыя выдаткі на ўзнагароджанне ўзялі на сябе таксама РА РГА «Белая Русь» і райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *