В лидерах на весеннем севе — труженики Улльского лицея

Заботы сельские

Як бы ні хацелася хутчэй выканаць увесь комплекс палявых работ, вясна сёлета дыктуе свае ўмовы. І хоць па календары яна ў разгары, але зусім не цешыць цяплом. Аднак для вясковых працаўнікоў гэты час самы напружаны, бо, як падрыхтуеш глебу, пасееш, падкорміш, такі і ўраджай будзе. А працы ў полі шмат і давяраюць яе лепшым.


Трактары і сеялкі штурмуюць раллю з раніцы. Па дадзеных на 18 красавіка, у раёне пасеялі 1211 га яравых збожжавых і зернебабовых, ці 15,2%. У лідарах па сяўбе — працаўнікі Ульскага ліцэя. Як адзначыў кіраўнік вучэбнай гаспадаркі А. П. Федаровіч, яравымі збожжавымі і зернебабовымі сёлета запланавана заняць 380 га, больш за 45% плошчы ўжо засеялі.


— На палявых работах у нас штогод заняты вопытныя, адказныя і працавітыя работнікі, з тэхнікай спраўляюцца лёгка і нязмушана, — не без гонару адзначае Алег Пятровіч. — Сеюць слесар Дзмітрый Мікалаевіч Залатуха на «МТЗ-3022» з «АКПД-6» і майстар вытворчага навучання Віктар Сяргеевіч Гамзюк на «МТЗ-1523» з «Lemken». Справа ідзе напружана, гектараў 40 за дзень паспяваем заправіць насеннем. Глеба дзе-нідзе да гэтага часу пераўвільготненая, таму тэхніка буксуе.


Падрыхтоўку глебы вядуць майстры вытворчага навучання Дзмітрый Паўлавіч Маціеўскі і Сяргей Уладзіміравіч Жукаў на сваіх «К-701». Рупліўцы перажываюць, нават перавыконваюць план, па 35-40 га за дзень (пры заданні 25 га!), падрыхтавалі 300 га. Акрамя таго ў вучэбнай гаспадарцы вядзецца падкормка азімых, унясенне мінеральных угнаенняў. На гэтым відзе работ заняты майстры вытворчага навучання Валерый Дзмітрыевіч Шалкун на «МТЗ-82» з «РДУ-3» (30-40 га за дзень апрацоўвае) і Дзяніс Васільевіч Талстой. Яго «Дзвіна» запраўляе па 40-50 га.


Каб даведацца, з якім настроем працуюць хлебаробы, мы завіталі на палеткі Ульскага ліцэя з самага ранку. Тут якраз ішла сяўба ячменю.


— Настрой, нягледзячы ні на што, цудоўны, — падзяліўся ўльскі сейбіт Д. М. Залатуха. — Палеткі вучэбнай гаспадаркі я засяваю толькі тры гады (сам родам з Нізгалава), ды вопыт маецца багаты, у сельскай гаспадарцы працую з 1993 года, таму цяжкасцей не баюся і раю так усім, хто толькі пачынае сваю працоўную дзейнасць. Мае бацькі шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, напэўна, іх адказнасць і працавітасць перадаліся і сталі маёй спадчынай.


На полі дзесьці гразка, ды ўльскія працаўнікі аптымізму не губляюць.


— Сеялкі за намі не стаяць, паспяваем, запас зямлі ёсць, — падзяліўся радасцю Д. П. Маціеўскі, якога мы засталі на полі ля Фролкавіч. Дзмітрый Паўлавіч працуе на зямлі з 1986-га, а ў ліцэі — з 2010 года, выпусціў ужо дзве групы навучэнцаў і штогод яму даручаюць менавіта дадзены від работ — падрыхтоўку глебы.


Што ж, пасяўная нікому не дае спакою. Закіпела нястомная праца. Земляробам, вядома, хочацца хутчэй правесці пасяўную, таму і спяшаюцца. Кароткі прыпынак для запраўкі сеялак насеннем, і агрэгаты накіроўваюцца далей. Добрага надвор’я, рупліўцы, і вялікіх ураджаяў! Каб тэхніка вас не падводзіла. Вясенні час ніколі не бывае лёгкім. А поспехі? Яны з’яўляюцца там, дзе людзі ў самыя «гарачыя» дні прыкладаюць усе намаганні, магчымыя і немагчымыя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *