Бешенковичские труженики делают ставку на опыт и трудолюбие

Заботы сельские

Надвор’е выбіла бешанковіцкіх аграрыяў з графіка. На палях яшчэ нямала пераўвільготненых участкаў. Аднак чакаць, пакуль глеба дастаткова падсохне, у сейбітаў проста няма часу. І розумам, і сэрцам яны разумеюць, што трэба паскорыцца. Ад добрасумленнай працы на зямлі залежыць дабрабыт сям’і. Таму кожны рупліўца нацэлены працаваць так, каб не было крыўдна за дарэмна згубленыя час і сілы. Не сядзелася на месцы і нам, на мінулым тыдні накіраваліся ў ДП «ПалітаддзелецАгра», каб перамовіцца словам-другім з сейбітамі.


Механізатарскія кадры тут вопытныя, працавітыя. За гады працы зарэкамендавалі сябе адказнымі работнікамі. Сяргей Мікалаевіч Гусакоў, напрыклад, быў «Чалавекам года Віцебшчыны-2015». Ён і зараз не здае заваяваных пазіцый, уваходзячы ў лік лепшых працаўнікоў раёна, занятых на вясенніх палявых работах. На сваім «МТЗ-3022» з «АПП-6» на канец мінулага тыдня Сяргей Мікалаевіч пасеяў 396 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур. Руплівага працаўніка мы знайшлі ва ўрочышчы Вілюгі, поплеч з ім шчыраваў Сяргей Аляксандравіч Радкевіч: на «К-701» з «КЧ-5,1» ён падрыхтаваў 379 гектараў глебы.


Хмарнае неба навявала сум. Як тут змагаюцца хлебаробы? Ці падзеляцца перажываннямі? Вецер халадзіў твар, збіралася на дождж і настрой у працаўнікоў быў устрывожаны.


— Часу шкада. Вясновае поле кліча! — так тлумачылі сваю немнагаслоўнасць сціплыя працаўнікі. Урадлівую ніву яны называюць няйначай як карміцелька, а трактары — жалезнымі сябрамі. Аднак калі гаворка заходзіць пра поле, зерне ці тэхніку, плённую працу, цяжкую і мазалёвую, у іх вачах свеціцца цеплыня. У такія моманты найбольш адчуваецца тая нябачная сувязь паміж чалавекам працы і роднай зямлёй. Сувязь, што не дае суцішыцца хваляванню, і чалавек, каб даць душы палёгку, гатовы працаваць і ў дзве змены, абы не давяраць тэхніку чужым рукам.


— Нам жа пра яе клапаціцца, наладжваць, рамантаваць. Як тут пакінеш сябра на каго іншага, калі кожны яго вінцік сваімі рукамі сабраны? — дзівіцца Сяргей Мікалаевіч. — Вось у Сяргея Аляксандравіча «К-701» ужо тры дзясяткі гадоў налічвае і дзякуючы працаўніку, што дбайна за ім сочыць, яшчэ доўга паслужыць. А было што? Груда жалеза. У металалом адпраўляць? Дык шкада ж. З нічога уласнымі рукамі сабраны. Так і запішыце.


Размаўляюць механізатары нібы жартам, але ўсур’ёз. Іх гаспадарскі падыход — лейтматыў сёлетняй пасяўной не толькі ў асобна ўзятым сельгаспрадпрыемстве, а ў цэлым у раёне. Ёсць стымул, ёсць праца і ёсць людзі, для якіх абраная прафесія стала важнай часткай жыцця. Людзі, чыё імкненне выканаць сваю справу на «выдатна» і дасягнуць высокага выніку — асноўныя складнікі майстэрства. Таму стаўка на іх вопыт і працавітасць — разумны выбар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *