В ГП ПолитотделецАгро увеличилось производство молока

Заботы сельские

 Летне-пашавы перыяд узлёт надояў забяспечаны, прычым выдаткі на вытворчасць адзінкі прадукцыі нашмат ніжэй, чым пры стойлавым утрыманні жывёлы. Гэта заканамерна, не трэба нават прагназаваць.
  Па дадзеных на 23 мая, валавая вытворчасць малака ў раёне склала 89,4 т, ці 106,8%, удой на карову – 15,27 кг.
 
Як мага лепш дадзеную аксіёму ілюструе, напрыклад, ДП «ПалітаддзелецАгра». Да выхаду на пашу валавая вытворчасць малака ў гаспадарцы за дзень складала 14,5 тоны, а як толькі ў рацыёне жывёл з’явілася сакавітая майская трава – ужо 16,5 тоны (рост 114%!). Таму, абуўшы боты (пасля дажджу на вуліцы мокра), накіроўваемся на палітаддзельскія палеткі, паглядзець, як ідзе справа, пагаварыць з сельскімі рупліўцамі.
     – На майскія травы ў нас выйшлі 800 кароў. Сфарміравана чатыры дойныя гурты па 200 галоў. За кожным наглядаюць замацаваныя спецыялісты – чатыры даяркі, тры пастухі, – дзеліцца з намі галоўны заатэхнік гаспадаркі Т. Л. Кавалёнак. –  Акрамя таго, яшчэ 700 галоў цялушак, гэта яшчэ тры гурты. Сёлета на пашу выйшлі нават загадзя – у апошнія дні красавіка. Дзякуй нашай інжынернай службе, што своечасова падрыхтавалася да даення ў палявых умовах. Спраўныя перасоўныя даільныя ўстаноўкі, станкі для асемянення, арганізавана дастаўка вады (два разы на дзень у бочках па шэсць тон), ёсць печка, каб нагрэць ваду даяркам…
     Палявая дарога прывяла нас да ўрочышча Казекіна. Заўважыўшы рэдакцыйны «УАЗ», насустрач выйшаў вопытны (23 гады ў сельскай гаспадарцы працуе!) пастух Сяргей Карняйкоў, у звычайны час – жывёлавод пятага разраду, на дадзенай групе ён працуе разам з напарнікамі Іванам Чарненкам і Сяргеем Іванчанкам.
     Мясцовыя спецыялісты і жывёлаводы пастараліся стварыць аптымальна прымальныя ўмовы як для арганізацыі паўнавартаснага кармлення жывёлы, так і добра абсталявалі лагеры. Паспрабуйце цэлы дзень правесці на спякоце! Калі якую ежу з дому і возьме працаўнік, дык яна ж сапсуецца. Таму на полі ў пастухоў і домік абсталяваны маецца: з печкай, дачнай газавай плітой з маленькім балонам, а яшчэ наладжана дастаўка двухразовага гарачага харчавання. З гэтага пастухі нават пажартавалі: «Кормяць смачна. Ёсць у нас і першае, і другое, і кампот!»
     Гумару ў працаўнікоў хоць адбаўляй, настрой пазітыўны. Нягледзячы на цяжкасці, інтэнсіўнае пашавае ўтрыманне (буронкі на полі кругласутачна).
     – За дзень кожны статак дае прыкладна тры тоны малака, на 200 галоў у сярэднім 100 гектараў пашаў прыходзіцца, – заўважае Таццяна Леанідаўна. – Зноў жа, канцэнтраты даём. Праца даручана самым адказным, паглядзіце, якія кароўкі чыстыя, прыгожыя, сытыя і дагледжаныя.
     І праўда, жывёла напасвілася і цяпер пад пільным вокам пастуха ўляглася адпачываць, жаваць жуйку і з цікавасцю паглядаць на нечаканых гасцей. Паветра, сонца, ежа і вада, увага і дабрыня – увесь няхітры сакрэт паспяховай працы. Жывёлаводам ён вядомы. Пра сваю прафесію вопытны пастух, доўга не думаючы, кажа так: «Малако ўсім патрэбна? Усім, бо карыснае, значыць, і мы патрэбны. Хто, калі не мы? Двое сутак пасвім, трэція – дома. Працаваць цяжка, тут прызвычаіцца трэба, прыкіпець душой, жывёл палюбіць…». Як атрымалася гэта ў самога Сяргея Рыгоравіча. Лёс невыпадкова прывёў мужчыну сюды, на Бешанковіччыну, радзіму жонкі Раісы Мікалаеўны, аж з Расіі, з Мурманска. Так склалася жыццё, а да шчасця ў ім шляхі ў кожнага свае.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *