Животноводы на ферме «Луг» в Бешенковичском районе подвели итоги работы за год

В трудовых коллективах Заботы сельские

Чарговы Дзень жывёлавода адбыўся ў СУП «Свіціна-ВМК». Удзел у ім прынялі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка, вядучы ветэрынарны ўрач-паразітолаг ДЛПУ «Бешанковіцкая райветстанцыя» Г. Д. Тарасевіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Бажадомава.

На ферме «Луг» СУП «Свіціна-ВМК».

Суправаджалі гасцей, што прыехалі ў гаспадарку, выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства А. В. Малахоўскі і галоўны заатэхнік Д. Г. Шчуплянкова. Удзельнікі мерапрыемства, якое ўжо стала добрай традыцыяй, наведалі ферму «Луг». Сустрэча з працоўным калектывам ішла няспешна. Прысутныя пазнаёміліся з умовамі працы і побыту жывёлаводаў. Трэба сказаць, было што абмеркаваць з рупліўцамі, чыя дзейнасць непасрэдна фарміруе агульны вынік працы і дабрабыт усёй гаспадаркі. Ферма гэта зусім новая, уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2017-га. Для плённай працы створаны ўсе ўмовы. Працэс раздачы корму, чысткі памяшкання механізаваны. Маецца спецыяльны пакой, дзе працаўніцы могуць пераапрануцца, адпачыць і гарбатай пачаставацца.

Паўсюль светла, чыста, утульна і… зялёна. Гэтак радуюць вока сасновыя галінкі ў жывёлагадоўчым памяшканні. Яны, дарэчы, знаходзяцца там не для прыгажосці. Паветра, насычанае фітанцыдамі, сапраўды гаючае. А іглічныя расліны з’яўляюцца рэкардсменамі па іх вылучэнню. У жывёлы павышаецца імунітэт і ўвогуле яна выглядае бадзёра. Люба-дорага глядзець! Ды і не дзіва, што парадак тут падтрымліваецца. Паколькі на ферме работнікі знаходзяцца больш часу, чым дома, як жа не абуладкаваць сваё працоўнае месца?

«Луг» — своеасаблівы цялячы дзіцячы сад, бо утрымліваюцца тут цяляткі і цялушкі. У клапатлівыя рукі жывёлаводаў Валянціны Уладзіміраўны Рылько, Ніны Уладзіміраўны Булейка, Галіны Вітальеўны Мачыха і брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Ларысы Васільеўны Арцюх яны перадаюцца ў 2,5 месяцы, а ў 12-14 месяцаў — пераводзяцца на ферму «Сватаўка». Для працаўніц цяляткі нібыта як дзеці. Першыя дні падапечныя «плачуць», нязвыкла ім у новым і такім вялікім «доме». У дадзены момант на ферме ўтрымліваецца 234 галавы цялят і маладзенькіх рагуль.

— У ліку асноўных задач для працаўнікоў сельгаспрадпрыемства — павышэнне надояў (за год трэба надаіць 7200 кг малака ад каровы), — адзначыла Д. Г. Шчуплянкова. — Дасягнуць гэта магчыма, калі будзе выканана самая важная задача, што з’яўляецца перадумовай для ажыццяўлення ўсіх астатніх. І такая задача якраз пастаўлена перад вашым калектывам — вырасціць здаровую жывёлу.

Валавыя прывагі па ферме за мінулы год склалі 53 тоны 718 кг, сярэднясутачныя — 674 г, а ў цэлым па гаспадарцы — 215, 4 т і 637 г адпаведна. Валавая вытворчасць малака ад свіцінскіх буронак за 2018-ты — 3555 т, удой на адну карову — 6956 кг, таварнасць — 89,9%. Рэалізавалі 91,3% малочнай прадукцыі гатункам «экстра».

Працаўнікі ў адзін голас абяцаюць, што зробяць усё магчымае, каб дасягнуць намечаных планаў. Ды і як ім не шчыраваць, ужо зараз маючы ў кішэні 460 рублёў сярэднямесячнага заробку? Малако для нашых рупліўцаў — «белае золата». Толькі здабываецца яно не на заморскіх прыісках, а на родных палетках і звыклых малочнатаварных фермах і комплексах нязменна сумленнай, самаадданай працай. Уся справа — прыкласці гаспадарскія рукі. І напоўняцца, і паплывуць тады малочныя рэкі…
* * *
У новым годзе Дні жывёлавода ўжо прай-шлі ў ДП «Палітаддзелец-Агра», КСВУП «ДраздыАгра», ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», ДП «ПлісыАгра» і СУП «Вядзерава». Пра вынікі і задачы, перспектывы развіцця і пытанні тэхналогіі вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі чытайце ў бліжэйшых нумарах «Зары».

Марыя САНЬКО.



Теги: