Как в Бешенковичах Коляду встречали

Актуально Важное Общество

У нядзелю па добрай традыцыі землякі сабраліся на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, каб узгадаць старажытны абрад калядавання. Культработнікі раёна разгарнулі перад гледачамі цэлае
тэатралізаванае дзейства з жартамі, заліхвацкімі песнямі, гумарам і смехам.

Астровенскія артысты-калядоўшчыкі наладзілі святочны абрад. Яны завіталі ў хату да гаспадароў, якім зычылі шчасця і радасці, прадказвалі лёс у бягучым годзе, а тыя частавалі гасцей рознымі прысмакамі. Асабліва пашанцавала Казе, ёй каўбаса і хлеб дасталіся, ды Мядзведзю, якога добрая гаспадынька мёдам пачаставала. Бачэйкаўцы і ўляне падхапілі ініцыятыву песнямі. Шчодрымі апладысментамі сустрэлі выступленне народнага хору РЦК. Гледачы падпявалі, а многія мужчыны і кабеты нават пусціліся ў скокі.

Што тут скажаш? Запалу і весялосці ўдзельнікам свята было не займаць! Адным словам, парадавалі гледачоў скамарохі. Вакол панавала атмасфера ўрачыстасці, усеагульнай весялосці і гульні. Не перашкодзіў студзеньскі мароз і лёгкі сняжок. На дварэ быў ужо прыцемак, але дзятва, што прыйшла на плошчу з татамі і мамамі, дзядулямі і бабулямі, весялілася каля навагодняй елкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі каталіся з горкі, дарослыя танцавалі і кожны падыходзіў пацікавіцца прадукцыяй, якой гандлявалі работнікі Дома рамёстваў: парсючкамі ды распіснымі талеркамі.

А ў гэты час, пакуль народ весяліўся на плошчы, удзельнікі народнага клуба «Ветэран» панеслі Каляду тым, хто не змог прыйсці на свята. Яны хадзілі па хатах ды весялілі гаспадароў прыпеўкамі.

Завяршальным акордам вялікага свята быў эстрадны канцэрт. Бурнымі апладысментамі віталі выканаўцаў Жанну Бурак, Дзіяну Сінкевіч, Таццяну Зайцаву, Валерыя Гайко, Алесю Цапота, Святлану Карабань, Алега Акуневіча і трыа Астровенскага СДК.

Вочы землякоў, калі яны разыходзіліся па дамах, свяціліся шчырай радасцю. Цудоўна, што Каляда сабрала ўсіх разам, каб павесяліцца, патанцаваць і паспяваць. Святочнае калядаванне — гэта не толькі традыцыйны народны звычай, але яшчэ і момант, які аб’ядноўвае людзей у радасці і шчодрасці. Свята Старога Новага года не забудзецца, пакуль моладзь пераймае традыцыі дзядоў і бацькоў, пакуль не пакіне верыць у цуды. «Шчодры вечар, добры вечар!» — спяваюць калядоўшчыкі па хатах, і мы таксама зычым гэта ўсім землякам.

Марыя САНЬКО.



Теги: