На координационном Совете в Бешенковичах обсудили план празднования памятных дат

Актуально В райисполкоме Важное К 75-летию освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых значных старонак у гісторыі Беларусі. Небывалая
па сваіх маштабах і лютасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў была для БССР цяжкім выпрабаваннем. Аднак беларускі народ вытрымаў гэты ўдар, абараніўшы перад ворагам сваё права на жыццё. Годна выканалі беларусы і свой інтэрнацыянальны абавязак у Рэспубліцы Афганістан.

Пасяджэнне адкрывае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай
работы і па справах моладзі аблвыканкама Г. М. Ягораў.

Пра гэта ішла размова на пасяджэнні каардынацыйнага Савета
грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Бешанковіцкага раёна, удзел у рабоце якога прынялі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Г. М. Ягораў, старшыня Віцебскага абласнога каардынацыйнага Савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА»Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. А. Мацкевіч, старшыня Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама Н. М. Апанасёнак.

Адкрываючы нараду, Г. М. Ягораў нагадаў, што ў вобласці створаны аргкамітэт і зацверджаны план мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Генадзь Міхайлавіч звярнуў увагу прысутных на вырашэнне пытанняў сацыяльна-бытавой дапамогі ветэранам, арганізацыі комплексных медыцынскіх аглядаў дадзенай катэгорыі грамадзян, а таксама на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў — іх на Віцебшчыне налічваецца больш за 1400.

Тэму працягнуў старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, які адзначыў, што Бешанковіччына нацэлена годна сустрэць юбілейныя даты, якімі багаты 2019 год. У рэгіёне таксама створаны арганізацыйны камітэт, распрацаваны план святочных мерапрыемстваў. Урачыстасці пачнуцца ўжо 15 лютага: у дзень 30-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан у Бешанковічах запланаваны мітынг-рэквіем ля памятнага знака, усталяванага ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, і ўрачысты сход у РЦК з прыцягненнем грамадскасці, працоўных калектываў і моладзі. Плануецца ўшанаванне воінаў-афганцаў ад імя мясцовай улады.

У раёне таксама рыхтуюцца ўрачыста адзначыць Дзень Перамогі. 75-ю гадавіну вызвалення Бешанковіцкага раёна традыцыйна сустрэнуць ля мемарыяла на Узрэччы, дзе пахаваны 8 Герояў Савецкага Саюза, маштабныя мерапрыемствы запланаваны да агульнадзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці, а таксама з нагоды 95-годдзя стварэння Бешанковіцкага раёна.
Абмяркоўваючы тэму добраўпарадкавання месцаў воінскай славы на Бешанковіччыне (а ў нашым рэгіёне налічваецца 88 воінскіх пахаванняў), Генадзь Міхайлавіч адзначыў, што ў апошнія гады шмат зроблена па навядзенні парадку на мемарыялах, і падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву.

Ёсць задумка фундаментальна абнавіць два помнікі: замяніць стэлу ў Чанавічах на месцы стыку франтоў, а таксама стварыць мемарыял у Будзілаве на месцы танкавай бітвы — зараз там усталяваны невялікі абеліск з камянёў. Каб увасобіць задуманае ў жыццё, патрэбны сродкі. Выдадзеных з абласнога бюджэту на рамонт помнікаў у 2019 годзе асігнаванняў будзе недастаткова, таму старшыня райсавета дэпутатаў звярнуўся з просьбай да прадстаўнікоў вертыкалі ўлады з вобласці разгледзець пытанне аб дадатковым фінансаванні. Між тым, і кіраўніцтва раёна таксама плануе заробіць грошы на будаўніцтва мемарыялаў падчас правядзення раённых суботнікаў.

Пра тое, як Віцебшчына будзе святкаваць 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан, членам каардынацыйнага Савета распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. А. Мацкевіч. Запланаваны ўрачысты прыём воінаў-інтэрнацыяналістаў у Мінску, урачысты сход пройдзе і ў абласным цэнтры з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама. З нагоды памятнай даты распрацоўваюцца юбілейныя медалі, плануецца адкрыццё мемарыяльных дошак у некаторых раёнах вобласці. Урачыстасці на Віцебшчыне будуць праходзіць на працягу трох дзён, да ўшанавання воінаў-афганцаў павінны далучыцца ўлада на месцах, прафсаюзы, працоўныя калектывы.

Валяр’ян Альбінавіч адзначыў, што з кожным днём радзеюць шэрагі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а гэта значыць, што эстафету патрыятычнай работы з моладдзю ў старэйшага пакалення абаронцаў Айчыны павінны пераняць воіны-афганцы.

— Памяць пра вялікі подзвіг вызваліцеляў не гасне. Дзень вызвалення Беларусі для нас — святая дата, сімвал гонару і славы, мужнасці і адвагі, адзінства і згуртаванасці народа ў імя Перамогі, — падкрэсліў В. А. Мацкевіч. — Наша задача сёння — быць годнымі нашчадкамі, берагчы мірнае жыццё, якое заваявалі для нас ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Мы штогод з удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто гераічна змагаўся на перадавой і ў складзе партызанскіх атрадаў, аднаўляў гарады і вёскі ў пасляваенныя гады, гаворым словы шчырай падзякі ўсім землякам, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Рэспубліцы Афганістан.

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Бешанковіччыны змаглі выказаць свае прапановы і пажаданні з нагоды святкавання юбілейных дат 2019 года.

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги: