Бешенковичский оператор машинного доения Катерина Щуко завоевала бронзу Витебской области

Актуально В трудовых коллективах Главное Год малой родины Заботы сельские

Штодзень работнікі палёў і ферм, жывёлагадоўчых комплексаў даказваюць любоў да роднай зямлі сваімі справамі. Працуюць шчыра і самааддана, не патрабуючы славы і пахвалы. Гэта вясковыя працаўнікі першымі вітаюць сонца і апошнімі развітваюцца з ім. Гэта іх спрацаваныя, аблашчаныя сонцам і ветрам мазолістыя рукі — самыя прыгожыя і пяшчотныя, самыя дарагія. З іх, рупліўцаў, ідзе багацце зямлі нашай.

Я. С. Фіешка ўручае К. М. Шчука заслужаную ўзнагароду,
а ў дадатак ідуць грашовая прэмія і салодкі прыз.

Бешанковіччына па праве ганарыцца  людзьмі, што не з’ехалі кудысьці ў пошуках лепшай долі, а засталіся тут, дзе маці нарадзіла, і прысвяцілі сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Не так ужо і часта мы кажам ім дзякуй за штодзённую цяжкую працу.

На днях з’явілася прыемная нагода, каб зрабіць гэта яшчэ раз. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Бажадомавай мы наведаліся ў ДП «ПалітаддзелецАгра», дзе трэці год шчыруе Кацярына Міхайлаўна Шчука. Палітаддзельская працаўніца з амаль што дваццацігадовым вопытам работы ў сельскай гаспадарцы заняла сярод аператараў машыннага даення трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці малака за студзень. Валавы надой ад яе падапечных склаў 53,3 т «белага золата», а сярэдні ўдой на карову — 808 кг.

— Усё жыццё наша праходзіць у працы, што на ферме, што дома (на вёсцы хатняя гаспадарка, агарод — добрая падтрымка). Ні пра якія ўзнагароды і перамогі я ніколі не думала, таму і стала гэта навіна нечаканасцю. Аднак, безумоўна, быць у ліку лепшых жывёлаводаў Віцебшчыны вельмі пачэсна і прыемна, — дзеліцца ўражаннямі трэцяя ў вобласці і першая ў раёне даярка.

За добрасумленнасць, нарошчванне аб’ёмаў і дасягненне лепшых вынікаў па вытворчасці малака Кацярыне Міхайлаўне аб’яўлена падзяка Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Нельга не адзначыць і прафесіяналізм аператара машыннага даення ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Таццяны Уладзіміраўны Вядзернікавай, што заняла другую пазіцыю ў раёне (удой на буронку за студзень — 781 кг малака), а таксама вядзераўскіх працаўніц з МТФ «Чанавічы» Галіну Мікалаеўну Фралову і Валянціну Іванаўну Акцызную (370,7 кг).

У ліку лепшых працаўнікоў раёна — аператары па вырошчванні і адкорме маладняку БРЖ Марфуга Мулаханаўна Кіндзяшава з УП «Вядзерава» (сярэднясутачныя прывагі склалі 969 г), наватарскі жывёлавод Аляксандр Мікалаевіч Гаманько (734 г) і Ірына Аляксандраўна Бакунова з КСВУП «ДраздыАгра» (600 г).

У лідарах па вырошчванні і адкорме свіней аператары ВУ «Свінагадоўчы комплекс «Свіціна» УП «Віцебскі КХП» Жанна Генадзьеўна Шчука (сярэднясутачныя прывагі падапечных — 623 г), Людміла Іванаўна Гарадзюшка (613 г), Таццяна Мікалаеўна Берасцень (558 г) і Зінаіда Мікалаеўна Прыстаўка (551 г).

Прыміце, шаноўныя рупліўцы, і нашы шчырыя віншаванні з працоўнай перамогай!

Марыя САНЬКО



Теги: