«Человек года Витебщины» Алеся Овчинникова посвятила любимому делу 17 лет

Актуально В трудовых коллективах Главное

Сёння мы раскажам чытачам пра яшчэ аднаго лаўрэата пачэснага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Гэта цудоўная жанчына, неверагодна таленавітая і працавітая, чыя прафесійная дзейнасць супадае з хобі, што і з’яўляецца адным з асноўных складальнікаў поспеху і святочнага настрою на рабочым месцы.

Алеся Аўчыннікава дэманструе выставачную залу.

Дырэктар раённага Дома рамёстваў Алеся Іванаўна Аўчыннікава пра сваю працу гаворыць з захапленнем, дэманструючы выставачную залу. А паглядзець тут сапраўды ёсць на што! Ужо з парога акунаешся ў сапраўдную дзіўную скарбніцу: стагадовыя аздобленыя клапатлівай рукой майстра рушнікі, разнастайныя абярэгі і проста мілыя дробязі з саломы цешаць вока. Дрэва, лён, гліна — у стагоддзе полістэролу і пластыку яны нагадваюць нам аб непарыўнай сувязі людзей і прыроды.

— За 17 гадоў працы я ніколі не адчула глыбокага расчаравання, што абрала менавіта такі жыццёвы шлях, а што да наяўнасці натхнення, дык тут усё проста — стаміўся працаваць над адным вырабам — пачні другі, — кажа Алеся Іванаўна. — У нас заўсёды безліч планаў (хоць усяго толькі чатыры асноўныя супрацоўнікі) і столькі ж хваляванняў, як усё паспець. Але, трэба адзначыць, што ў раёне з’явілася шмат новых майстроў, і ў кожнага сваё захапленне — вышыўка, вязанне і шыццё, апрацоўка дрэва, аўтарская лялька…

Мы заўсёды рады з імі супрацоўнічаць, разам арганізуем выставы, прымаем удзел у разнастайных фестывалях, конкурсах, кірмашах. Ведаеце, і натхненне ў пэўнай ступені адсюль. Паглядзелі на вопыт калег з іншых рэгіёнаў, абмяняліся ідэямі, убачылі нешта новае і захацелі самі паспрабаваць. Гэта добры стымул для развіцця.

Цяпер у майстроў Дома рамёстваў узнікла новая мэта — адрадзіць бешанковіцкае ткацтва. Папулярызуюць традыцыйную бешанковіцкую свістульку, маюць намер заявіць пра сябе як ганчары (нават кола набылі), збіраюць фотаздымкі 30-50-х гадоў мінулага стагоддзя, каб па фатаграфіях узнавіць крой адзення, у прыватнасці, вясельны строй… Многае яшчэ ў перспектыве, а пакуль што актыўна рыхтуюцца да сустрэчы Масленіцы і святкавання Вялікадня, рэалізуюць праект «Зберажом для нашчадкаў», далучаюць да традыцый і мастацтва выхаванцаў дзіцячага сада №1 райцэнтра, знаёмяць іх з народнай культурай і відамі рамёстваў, праводзяць майстар-класы…

— Хто, калі не мы самі, будзе захоўваць, адраджаць і папулярызаваць рамёствы, паказваючы іх гістарычную, псіхалагічную, эстэтычную каштоўнасць. Кожны выраб захоўвае цяпло рук майстра, у кожным — часцінка яго душы, а спрадвечная традыцыйная форма прадметаў беражэ памяць многіх пакаленняў продкаў. Сёння вырабы традыцыйных рамёстваў патрэбныя не столькі для побыту, колькі для душы. Сто гадоў таму любы селянін абавязаны быў умець плесці лапці, выразаць з дрэва лыжкі і міскі, валодаць сталярнай і цяслярнай справай. Без усяго гэтага не абыходзілася жыццё ў вёсцы. Цяпер, вядома, зусім не так, але патрэба ў прыгажосці застаецца заўсёды. Каму ж не хочацца ўпрыгожыць сваё жыллё ці насіць арыгінальную стыльную вопратку, прычым каб гэта яшчэ мела б і нейкі сэнс? Этнічныя матывы ў афармленні інтэр’еру, афарбоўцы тканін — адны з самых папулярных, таму што адлюстроўваюць культуру. Дзякуючы падобным рэчам мы, не ўсведамляючы гэта, адчуваем сябе спакайней. Так што народныя вырабы — гэта не проста сувеніры, а напамін нам пра сталасць і шматвяковыя традыцыі, — разважае суразмоўца. — Хочацца сказаць вялікі дзякуй нашым незаменным памочнікам, сярод якіх Станіслаў Леаненка, Андрэй Трубецкі, Аляксандр Мачульскі, Алег Усаў і іншыя землякі-краязнаўцы і проста неабыякавыя людзі, аб’яднаныя энтузіязмам. Прадстаўнікі розных прафесій, але адзіныя ў сваёй вялікай любові да беларускай народнай спадчыны. Яны з радасцю дзеляцца цікавымі знаходкамі. Старажытныя рушнікі ці свістулька-бразготка сярэдзіны XVI стагоддзя, нечакана знойдзеная на беразе Дзвіны ў аг. Ула, несумненна, маюць неверагодную каштоўнасць.

…Гаварыць бы і гаварыць з Алесяй Іванаўнай, словы яе кранаюць за сэрца. Міжволі падумала, наколькі гэта ўсё ж такі захоплены чалавек. Радасна, калі праца прыносіць задавальненне. Шчыра кажучы, развітвацца вельмі не хацелася. Разглядаць вырабы, перабіраць іх можна гадзінамі. Няйначай, як ад той прыгажосці і цеплыні, што ўнесена ў стварэнне, душа ўзрадавалася. За беларускую культуру, за тое, што ёсць сярод нас людзі, апантаныя любоўю да беларускасці. Менавіта такія захоўваюць мінулае і ствараюць будучыню.

Марыя САНЬКО



Теги: