Корреспондент «Зары» Мария Санько признана лучшим молодым журналистом Витебщины

В трудовых коллективах Главное

Без сродкаў масавай інфармацыі няма дзяржавы. Такое меркаванне на сустрэчы з прадстаўнікамі друкаваных і электронных СМІ Віцебшчыны, якая традыцыйна праходзіць напярэдадні прафесійных святаў журналістаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёў.

М. Санько прымае віншаванні
ад кіраўніка вобласці М. М. Шарснёва.

«Прэса – асноўны памочнік дзяржавы, улады, – упэўнены Мікалай Мікалаевіч. – Няма дзяржавы без ідэалогіі, а ідэалогіі няма без СМІ». Толькі дзякуючы прафесіяналам жывога слова можна данесці да народа мэты развіцця рэгіёну. Галоўная задача СМІ, перакананы М. М. Шарснёў, складаецца ў тым, каб дайсці да ісціны, дапамагчы людзям разабрацца ў той ці іншай сітуацыі, сфарміраваць іх светапогляд. «Вы ўдзельнічаеце ў стварэнні сацыяльнага настрою людзей, іміджу вобласці. Ваша пазіцыя павінна заключацца ў тым, каб не хаваць недахопы, а выяўляць, аналізаваць прычыны, паказваць шляхі вырашэння», – адзначыў кіраўнік вобласці.

З цягам часу інфармацыйнае поле краіны мяняецца. У стагоддзе інтэрнэту, які мае відавочную перавагу ў аператыўнасці прадастаўлення інфармацыі, увага традыцыйных СМІ павінна быць звернута на якасную аўтарскую аналітыку. «Журналісты павінны выступаць не проста ілюстратарамі жыцця, а зазіраць у глыбіню з’яў, якія адбываюцца», – адзначыў М. М. Шарснёў, падкрэсліўшы, што журналістам Віцебшчыны гэта пад сілу.

На думку старшыні аблвыканкама, у рэгіянальным медыйным асяроддзі сфарміравана моцная прафесійная каманда. Людзям, якія працуюць у сферы падрыхтоўкі і распаўсюджвання інфармацыі, уласцівы веды і інтэлект, сумленнасць і прыстойнасць, аб’ектыўнасць і праўдзівасць. «Для мяне як кіраўніка вобласці вельмі важна мець у асобе журналістаў канструктыўна настроеных памочнікаў, якія здольныя асвятліць рэальнае становішча спраў на месцах», – дадаў М. М. Шарснёў. Пасля чаго павіншаваў журналістаў з іх прафесійным святам і прыступіў да ганаровай місіі – узнагароджання пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф. Скарыны і электронных – на прэмію «Віцязь».

З узнагародай у гэтым годзе і рэдакцыя раённай газеты «Зара». Наша загадчыца аддзелам Марыя Санько перамагла ў намінацыі «Лепшы малады журналіст рэгіянальных друкаваных СМІ». Мы віншуем Марыю з заслужанай узнагародай і жадаем ёй далейшых творчых поспехаў!

Другая палова сустрэчы была адведзена пад прэс-канферэнцыю з М. М. Шарснёвым. Мікалаю Мікалаевічу былі зададзены ключавыя пытанні, якія тычацца развіцця рэгіёну і краіны ў цэлым. Журналісты цікавіліся, якія перспектывы ў сельскагаспадарчых інтэграцыйных структур, якія значныя інвестыцыйныя праекты рэалізуюцца на Віцебшчыне, па якім шляху пойдзе развіццё райспажыўкааперацыі вобласці, як ідуць справы ў лесагаспадарках, многім іншым.
Святлана ВАРОШКА.



Теги: