Ветеранам Бешенковичского района вручили юбилейные медали

Беларусь помнит К 75-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков Общество

Бліскучы новенькі медаль – яшчэ адзін да ліку іншых, што знайшлі сваё пачэснае месца на грудзях славутых ветэранаў. А да яго – пасведчанне і складзены салдацкім трохкутнічкам ліст – віншаванне Прэзідэнта…

Урачыстыя мерапрыемствы па ўручэнні юбілейных медалёў у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў напярэдадні святочных дат прайшлі ў Бешанковіцкім раёне. Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі №134 юбілейнай узнагароды ўдастоены ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, замежнікі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай краіны, вайскоўцы Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў, работнікі дзяржаўных органаў і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян. На Бешанковіччыне ўзнагароды ўдастоены 35 чалавек.

…Калісьці калонай бадзёра крочылі нашы ветэраны па цэнтральных вуліцах Бешанковіч падчас урачыстых парадаў. Сёння гэта ўжо карціны ўспамінаў. Удзельнікам вайны далёка за 90 гадоў. Многіх, хто каваў Перамогу, вызваляў родную зямлю, ужо няма з намі. Ды і тыя, што ёсць, не ўсе могуць пахваліцца добрым самаадчуваннем, таму так важна кожнага павіншаваць асабіста. Іх уклад у шчаслівы летапіс многіх пакаленняў, што жывуць пад мірным небам Беларусі, бясцэнны…

Улічваючы шаноўны ўзрост воінаў-вызваліцеляў, кіраўніцтва раёна да ўручэння медалёў вырашыла падысці ў індывідуальным парадку. Хтосьці, каму дазваляе здароўе, прыняў удзел ва ўрачыстасцях, астатнія атрымалі ўзнагароды па месцы жыхарства. Можна не хвалявацца – без узнагароды не застанецца ні адзін чалавек, які заслужыў яе.

На ўрачыстай сустрэчы, што адбылася ў мінулую пятніцу ў райвыканкаме, віншаванні прымалі Павел Фёдаравіч Гнеўка, Іван Іосіфавіч Захарчанка, Сяргей Несцеравіч Карась, Міхаіл Ігнатавіч Бабаед, Канстанцін Карпавіч Вялічка і Дзмітрый Нічыпаравіч Агейчанка.
Як і прынята ў падобных выпадках, было сказана шмат добрых слоў і шчырых пажаданняў.

– Вось ужо 75 гадоў мы жывём пад мірным небам, і гэта ваша заслуга. Змяняюцца пакаленні, але барацьба, стойкасць і Вялікая Перамога застаюцца незабыўнымі. Нізкі паклон вам, дарагія нашы ветэраны, за мужнасць і аптымізм, якія вы захоўваеце і цяпер, з’яўляючыся прыкладам для падрастаючага пакалення, за дабрыню і душэўную шчодрасць! У самыя трагічныя і цяжкія для Радзімы дні вы ведалі, што трэба выстаяць і перамагчы. І вы перамаглі! Мы памятаем і шануем гэты подзвіг! – падкрэсліў старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін.

Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў і ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч. Жадалі моцнага здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця, выказвалі спадзяванне, што разам удасца сустрэць і 80-годдзе Перамогі.

Са словамі падзякі за ўвагу, памяць і пачэсныя ўзнагароды да прысутных звярнуліся і самі ветэраны. «Гэта не проста прыемна, а яшчэ раз пацвярджае, што ўсё было не дарэмна», – адзначылі віноўнікі ўрачыстасці.

Марыя САНЬКО.



Теги: