«Привычка такая: работать надо»

Актуально В трудовых коллективах Заботы сельские

Надвор’е цвёрда перайшло на восеньскі рэжым. Але ж любавацца залатой парой года аграрыям няма (ды і не было) калі. Нават нягледзячы на тое, што кастрычніцкія дажджы крыху прыпынілі ўборку кукурузы. Вясковыя рупліўцы з капрызамі прыроды звыкліся: неяк узяцца за адну справу, дык чакае другая.

Царыца бешанковіцкіх палёў сё-лета займае 3442 га. Самая вялікая плошча ўборкі — 900 і 920 гектараў — у ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» і ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс», а працэнт выкананых работ — у СУП «Вядзерава» (97,7%). Аднак лепшая ўраджайнасць — у СУП «Свіціна-ВМК» (327,6 ц/га) і ДП «ПалітаддзелецАгра» (323,3 ц/га). Да свіцінцаў мы і завіталі на гэтым тыдні, каб пагутарыць з перадавікамі ўборачнай.

На момант нашага прыезду ў гаспадарку на рахунку свіцінскіх рупліўцаў было 237 га з 350 па плане, ці 67,7% плошчаў, нарыхтавана 7765 тон зялёнай масы. Кукуруза тут урадзіла на дзіва, 3-4 метры вышынёй, і гэта толькі на ўскрайку, ля дарогі. Далей жа, як кажа заняты на ўборцы царыцы палёў У. В. Прошчанка, метраў пяць будзе. Уладзімір Віктаравіч адзначыў, што гэта культура ў гаспадарцы штогод дае добры ўраджай. Трэба сказаць, працаўнік ён вопытны, якраз з тых, што звязалі жыццё з вёскай. Адразу пасля школы сеў за штурвал «МТЗ-82». Адслужыў у арміі — і зноў пацягнула родная зямля, стаў шафёрам, а летам шчыраваў на збожжаўборачным камбайне. Сям’я, дзеці (сын і дачка), унукі — усё, як ва ўсіх. Карова, качкі, куры, вядома, таксама ёсць. Праўда, гаспадарка невялікая, і, паколькі муж у полі, у асноўным на плячах жонкі Любові Міхайлаўны. Таму наш субяседнік і можа быць спакойны, бо праца ў яго ладзіцца (дома ж усё надзейна дагледжана). Насамрэч мужчына з любой тэхнікай можа справіцца. Зараз у асноўным шчыруе за рулём «МАЗа» і «КВК-800», на апошнім ужо дзесяць сезонаў.

— З гэтым «КВК-800» сябруем чацвёрты год, тэхніка трапілася ўдалая, ні разу не падвяла, — хваліць мужчына свайго жалезнага сябра, сёлетні ўраджай, а пра сябе ж расказвае сціпла. — Што гаварыць, неяк па-іншаму сваё жыццё я нават і не ўяўляю. Напэўна, гэта звычка такая: трэба працаваць і ўсё тут.

Уладзімір Віктаравіч свіцінскую царыцу палёў убірае адзін. Адвозяць зялёную масу Юрый Рыгоравіч Галай (працуе на «МТЗ-3022»), Уладзімір Пятровіч Юшкоў і Дзяніс Аляксандравіч Арлоўскі, абодва на «МТЗ-1221». Трамбоўкай займаецца Іван Аляксеевіч Чачанец на «Амкадоры-352». Гектараў 60-70 свіцінцы пакінулі на зерне. Убіраць іх будуць крыху пазней, як дазволіць нябесная канцылярыя.

Аграпрамысловы комплекс уваходзіць у лік найбольш тэхналагічных і інавацыйных сектараў эканомікі, але ў таварах і прадуктах захоўваецца цеплыня чалавечых рук, багацце зямлі. У гэтым, несумненна, заслуга і майстэрства самаадданых працаўнікоў, такіх герояў дня, як свіцінскія рупліўцы.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *