Прыслухоўвацца да пажаданняў людзей


Апошні сход членаў прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры быў вызначальным. На сустрэчу з культработнікамі раёна завітаў старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры Пётр Іванавіч Пратасевіч. Старшыня прафкама Фаіна Мікітаўна Ткачонак выказала пажаданне скласці свае паўнамоцтвы па стане здароўя, таму членам прафсаюза трэба было абраць новага лідэра, вызначыць далейшы накірунак дзейнасці  ў абароне інтарэсаў людзей.


Фаіна Мікітаўна  працуе ў сферы культуры больш за 30 гадоў, каля 8 з іх узначальвала галіновую прафсаюзную арганізацыю. Сёння ў яе радах знаходзіцца 98% працаўнікоў. У склад прафсаюза работнікаў культуры ўваходзяць чатыры пярвічныя арганізацыі, якія створаны на базе аддзела культуры райвыканкама, цэнтральнай раённай бібліятэкі, школы мастацтваў і рэдакцыі раённай газеты.


Праблемы, рашэнне якіх даводзіцца каардынаваць, самыя розныя. У сваёй справаздачы Фаіна Мікітаўна абазначыла асноўныя задачы, над якімі працаваў прафсаюз у апошнія гады. Гэта захаванне працоўных месцаў, павышэнне зарплаты, ахова працы і тэхніка бяспекі, аздараўленне дзяцей і працаўнікоў, святкаванне юбілейных дат працаўнікоў і калектываў, аказанне матэрыяльнай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці, заключэнні шлюбаў і іншыя. Вырашаліся спрэчныя моманты кантрактнай сістэмы найму, у прыватнасці, падалося абараніць інтарэсы людзей, і яны атрымалі дадатковыя дні да водпуску.


Прафсаюзны лідэр здала свае паўнамоцтвы, а ў якасці парады свайму пераемніку рэкамендавала больш увагі надаць правядзенню мерапрыемстваў для бацькоў і дзяцей з мэтай прапаганды сямейных каштоўнасцяў, развіцця фізкультурна-спартыўнага руху. Шматгадовая, добрасумленная праца жанчыны ў галіновым прафсаюзе адзначана Ганаровай граматай прэзідыума Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, якую разам з букетам кветак і словамі падзякі Фаіне Мікітаўне Ткачонак уручыў старшыня абкама П. І. Пратасевіч (на здымку).


Граматамі адзначаны таксама старшыні пярвічных арганізацый прафсаюза работнікаў культуры В. М. Жук, Г. М. Казакова, А. Р. Людына. А  старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі культработнікаў абрана Таццяна Іванаўна Мароз – загадчыца аддзела маркетынга раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *