Сувязь развіваецца паскоранымі тэмпамі


У мінулую пятніцу раённы выканаўчы камітэт на сваім апошнім пасяджэнні прааналізаваў стан і развіццё паштовай і электрычнай сувязі і меры, якія прымаюцца для якаснага забеспячэння нарматываў
дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. Справаздачу трымалі начальнік раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” В. М. Зубец і начальнік раённага вузла
электрычнай сувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” В. Ф. Кутузаў.


Як адзначана на пасяджэнні, удзел у рабоце якога прынялі намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Л. П. Лабковіч, дырэктар Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” С. Э. Максак і дырэктар Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” А. І. Бохан, якасць работы названых службаў у апошнія гады палепшылася. Сувязісты, асабліва паштавікі, блізкія да людзей, амаль штодня бываюць у вёсках раёна, прыносяць людзям не толькі карэспандэнцыю, але і тавары першай неабходнасці, працуюць па заяўках. Хаця і ў іх рабоце ёсць яшчэ недахопы.


Увага кіраўніцтва РУПС і РВЭС звернута на неабходнасць забеспячэння пастаяннага захоўвання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, нарошчвання аб’ёмаў профільных і няпрофільных паслуг, павелічэння рабочых месцаў па аплаце паслуг пры дапамозе банкаўскіх пластыкавых картак, а таксама на забеспячэнне шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт на вёсцы, інтэрактыўнага тэлебачання ZALA, колькасці месцаў па выхадзе ў інтэрнэт у аграгарадках 2010 года (у аддзяленнях паштовай сувязі Свяча, Верхняе Крывіна і Двор Нізгалава).


Нараканні прагучалі на існуючыя пралікі ў правядзенні падпісных кампаній на перыядычныя выданні, асабліва ў Бешанковічах, дзе паштальёны не заўсёды заходзяць у дамы падпісчыкаў з прапановай аформіць падпіску на новы тэрмін. А менавіта тут пражывае асноўная частка насельніцтва раёна. Жыхары 10 працэнтаў населеных пунктаў Прыдзвіння не выпісваюць газеты  і часопісы зусім.  У адрас сувязістаў прагучалі пажаданні пры правядзенні работ па развіцці паслуг і рамонце існуючых ліній “прыбіраць” за сабой, да снежня завяршыць дэмантаж паветраных ліній сувязі ў раёне, да лістапада задаволіць усе заяўкі на ўстаноўку тэлефонаў.


У апошнія гады сувязь развіваецца паскоранымі тэмпамі. Сёння рэальнымі з’яўляюцца паслугі, пра якія зусім нядаўна можна было толькі марыць. Іх кошт прыймальны для насельніцтва, але рэзервы для далейшага развіцця ў службаў ёсць. На гэту акалічнасць і зроблены асноўны акцэнт у прынятым рашэнні.


На пасяджэнні з удзелам суддзі Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці А. В. Гурыева таксама абмеркаваны меры па эфектыўным выкананні судовых пастаноў  і актывізацыя спрошчаных судовых працэдур.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *