Бесценное богатство Придвинья


Тэма захавання гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца адной з самых актуальных. Якімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі валодае наш раён?  Як захоўваецца спадчына, якой варта ганарыцца, якая застанецца будучым пакаленням? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае праверка, праведзеная пракуратурай раёна. Наш субяседнік – намеснік пракурора раёна Чэслаў Іванавіч Максімовіч.


— Сёння на тэрыторыі раёна гісторыка-культурную каштоўнасць, — расказвае Чэслаў Іванавіч, — маюць ансамбль былога палаца 17-18 стагоддзя ў г. п. Бешанковічы, у склад якога ўваходзяць палац, гаспадарчыя пабудовы і фрагменты парку; 8 брацкіх могілак: у г. п. Бешанковічы,  в. Астроўна, в. Галыні, в. Дуброва, в. Клешчыно, в. Саннікі, в. Фролкавічы і п. Ула; парк у в. Бачэйкава; парк “Саломінка” ў в. Дабрыгоры; комплекс былой сядзібы “Нізгалава” 2-й паловы 19 стагоддзя ў в. Нізгалава, у які ўваходзяць сядзібны дом, флігель, кухня, кузня, вяндлярня і гаспадарчыя пабудовы; стаянка першабытных людзей “Асавец-4”, 5-е тысячагоддзе да н. э.; Свята-Ільінская царква ў г. п. Бешанковічы; руіны былога касцёла ў в. Астроўна, пабудаванага ў 1564 годзе; Мікалаеўская царква ў в. Дабрыгоры; Мікалаеўская царква ў в. Слабодка, пабудаваная ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя; 9 курганоў-могілак перыяду ранняга сярэднявечча; 4 гарадзішчы жалезнага  веку і воінскія могілкі 1941 – 1944 гг. у в. Узрэчча.


— Як, Чэслаў Іванавіч, на тэрыторыі раёна захоўваецца заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны?


— Трэба адзначыць, што папярэднюю праверку па захоўванні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пракуратура раёна праводзіла  ў чэрвені 2005 года. За прайшоўшы час з боку аддзела культуры прыняты вызначаныя меры па ўхіленню выяўленых недахопаў: быў вызначаны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раёна, на кожны аб’ект з вышэй прыведзенага спісу заведзены ўліковыя карткі і пашпарты.


А вось грошай на ахову,  рэстаўрацыю і абнаўленне помнікаў гісторыі і культуры з бюджэту не выдзялялася. Як з-за безыніцыятыўнасці і адсутнасці ўзаемадзеяння да вырашэння гэтай праблемы не прыцягваліся  ні ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, ні Міністэрства культуры, ні інвестары, іншыя асобы, зацікаўленыя ў тым, каб захаваць і аднавіць унікальныя аб’екты.


У раёне няма пакуль рэгіянальнай праграмы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, не на ўсіх аб’ектах устаноўлены ахоўныя дошкі.


У прыватнасці, у час праверкі не было іх на будынках Свята-Ільінскай царквы, гаспадарчых пабудовах былога палаца ў Бешанковічах, руінах былога касцёла ў в. Астроўна, у парку “Саломінка” в. Дабрыгоры, на Мікалаеўскай царкве ў в. Слабодка, комплексе былой сядзібы “Нізгалава” ў в. Нізгалава, іншых аб’ектах.


У парушэнне патрабаванняў закону не ўстаноўлены зоны аховы ля аб’ектаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць, з-за чаго нельга ўстанавіць рэжымы  іх утрымання і выкарыстання, вызначыць абмежаванні новага будаўніцтва і функцыянальнага выкарыстання тэрыторыі ў іх межах.


Балюча было бачыць, што курганы-могільнікі ранняга сярэднявечча, гарадзішча жалезнага веку, невыкарыстоўваемыя будынкі ў парках і пустыя цэрквы маюць непрывабны выгляд, трава не скошана, шмат дзе на тэрыторыі помнікаў ляжаць рэшткі будаўнічага смецця, не прымаюцца меры па аднаўленні пашкоджанага памяшкання флігеля  ў былой сядзібе “Нізгалава”, дзе зімой ад снегу праваліўся дах.


Тады як для таго, каб навесці тут элементарны парадак, не трэба вялікіх сродкаў. Дастаткова гаспадарчага падыходу і жадання не страціць тое, што перайшло да нас у спадчыну ад нашых продкаў.


— Чэслаў Іванавіч, але ж, напэўна, правядзенне рамонтных і аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях патрабуе адпаведнага дазволу?


— Так, артыкулы 33 і 37 Закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” патрабуюць, што любая дзейнасць ці правядзенне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія аказваюць уздзеянне ці могуць выклікаць іх змяненні, ажыццяўляецца з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На жаль, не ўсе юрыдычныя і фізічныя асобы прытрымліваюцца літары закона. Так, з парушэннем названага патрабавання праводзяцца рамонтныя  і аднаўленчыя работы ў памяшканні Свята-Ільінскай царквы, гаспадарчых пабудоў ансамбля былога палаца 17-18 стагоддзя ў г. п. Бешанковічы, парку “Саломінка” в. Дабрыгоры, у памяшканні былога касцёла ў в. Астроўна, пабудаванага ў 1564 годзе.


Выяўляюцца таксама шматлікія факты безпадстаўнага змянення ці пагаршэння (пагрозы пагаршэння) тэхнічнага стану матэрыяльных каштоўнасцяў. Напрыклад, у парку, размешчаным у цэнтры гарпасёлка, які ўваходзіць у склад дварцова-паркавага ансамбля, несанкцыяніраваныя работы праводзіць “Бешанковіцкі камунальнік”.


У выніку непазбежна наносіцца матэрыяльны ці эстэтычны ўрон гісторыка-культурным каштоўнасцям раёна, парушаецца экалагічнае асяроддзе вакол іх або ствараецца пагроза нанясення такой шкоды. Паступова аб’екты страчваюць каштоўнасць сваіх індывідуальных вызначальных прыкмет, дзякуючы якім яны і трапілі ў ганаровы спіс. Разам з іх разбурэннем бяднее і гісторыка-культурная спадчына Беларусі, што недапушчальна.


Таму па выніках праверкі пракуратурай раёна вынесена прадстаўленне аб неабходнасці прыняцця мер па ўстраненню азначаных парушэнняў, недапушчэнню іх у далейшым. Прадпісанне аб устраненні парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны накіравана таксама настаяцелю прыхода Свята-Ільінскай царквы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *