Лето в Орлёнке


… Гэтым цёплым чэрвеньскім днём лагер “Арлёнак”, што знаходзіцца непадалёк ад Бешанковіч, сустрэў нас гучным дзіцячым смехам. У засені дрэў, на беразе невялікай рачулкі, раскіданы  домікі. Малодшыя дзеткі забаўляліся на траўцы, старэйшыя гулялі ў футбол і валейбол. Кожны займаўся тым, што яму бліжэй. І ўсё пад пільным наглядам выхавальнікаў.


Насустрач выйшла Наталля Паўлаўна Міхайлоўская, начальнік лагера. З першых хвілін нашага знаёмства адчувалася, што гэта чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў дзецям. Ад яе даведалася, што зараз у лагеры адпачываюць 123 дзіцяці. 64 з іх з Бешанковіч і раёна, астатнія прыехалі з Чашнік, Шуміліна, Расон, Віцебска.


– Раней, – расказвала Наталля Паўлаўна, – лагер належыў райкаму прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, цяпер – раённаму аддзелу адукацыі. Таму ў гэтым годзе ў нас шмат чаго змянілася: у лагеры памянялі дзверы, набылі новыя тумбачкі, сёе-тое з кухоннага абсталявання – мясарубку, бульбарэзку, пяць сталоў. За ўсё гэта вялікі дзякуй старшыні раённага выканаўчага камітэта Леаніду Канстанцінавічу Пянькоўскаму, яго намесніку па сацыяльных пытаннях Мікалаю Анатольевічу Заблоцкаму, начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Івану Аляксандравічу Жарабцову, дырэктару “Бешанковіцкага камунальніка” Ігару Георгіевічу Сліўцу, іншым нашым памочнікам, хто  добраўпарадкаваў лагер, даў яму новае жыццё.


У гэтым годзе нам вельмі пашанцавала з педагагічным калектывам. Кожны год у “Арлёнак” на практыку прыязджаюць юнакі і дзяўчаты з Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава. Сёлета ў першым і другім атрадах выхавальнікамі працуюць хлопцы, якія да справы падыходзяць творча і адказна, вынаходзяць новыя ідэі і ўвасабляюць іх у жыццё. Нікому не даводзіцца сумаваць.


Дарэчы, мерапрыемствы ў лагеры праводзяцца кожны дзень. План работы складзены старшай выхавальніцай Аленай Яўгенаўнай Долгай і педагогам-арганізатарам Наталляй Іванаўнай Казлоўскай. І так, што кожны можа знайсці сабе занятак па душы: пераўвасобіцца ў Бабу-Ягу, стварыць кампазіцыю з ляснога матэрыялу, намаляваць малюнак на асфальце, нават стаць на нейкі час цыркавым акцёрам ці дрэсіроўшчыкам. Некалькі разоў  на тыдні ў “Арлёнку” арганізуюцца тэматычныя дні: зямлі, міру, казкі, фантазёраў, мастацтваў, прыгажосці. І гэта далёка няпоўны спіс таго, што чакае рабят наперадзе. Напрыклад, да Дня памяці праведзена гульня “Дыверсанты” і аб’яўлена акцыя “Мы — за мір”. Лінейкі, на якіх лепшыя атрымліваюць Ганаровыя граматы, адбываюцца ўвечары кожнага дня. Ніхто не застаецца незаўважаным. Дождж, дрэннае надвор’е – нічога не можа сапсаваць дзецям адпачынак. Завяршае кожны летні дзень дыскатэка.


Напачатку змены былі адкрыты малыя алімпійскія гульні “Арлёнка”. Спаборніцтвы праходзяць адпаведна з графікам пад пільным наглядам Аляксея Іванавіча Марковіча, а вынікі заносяцца на агульную заліковую дошку. Толькі ў канцы змены будуць вядомы пераможцы. Па ўжо склаўшайся традыцыі напрыканцы адпачынку выхавальнікі арганізуюць канцэрт для дзяцей, а лепшы атрад атрымае цэлую скрынку шакаладных цукерак.


Належным чынам арганізавана ў лагеры і харчаванне дзяцей. У залежнасці ад узросту вызначана сума, якую павінны скарыстаць на ежу: дзеці 6-10 год – 7890 рублёў, 11-14 год – 8730 рублёў, 15-17 год – 9340 рублёў. Повар-майстар з ліцэя №16 горада Віцебска Валянціна Іванаўна Гурчанка ўжо шэсць гадоў працуе летам у “Арлёнку”.


— Тут мая душа, – гаворыць Валянціна Іванаўна. — І гэта невыпадкова,  бо кухня – сэрца лагера. Меню ў нас заўсёды разнастайнае: тут і пюрэ, так любімае ўсімі дзецьмі, і гародніна, садавіна, ёгурты, дранікі, малочныя прадукты. Ежа каларыйная  і смачная, бо з яе дзеці чэрпаюць энергію на ўвесь дзень.


Аб тым, што дзецям у лагеры вельмі падабаецца, можна даведацца не толькі па іх шчаслівых тварах. Пазнаёміўшыся, яны наперабой пачалі расказваць, як ім адпачываецца ў “Арлёнку”. Асабліва падабаюцца гульні, смачная ежа і добрыя выхавальнікі. “Вельмі весела”, – заявілі яны ў адзін голас. Некаторыя ў лагер прыязджаюць не першы год, таму “Арлёнак” для іх стаў ужо “летнім домам”.


Але не толькі падлеткі дзяліліся ўражаннямі. Дзмітрый Сямёнавіч Лазука сам з Шумілінскага раёна, у “Арлёнак” прыехаў на педагагічную практыку. Расказвае, што спачатку было цяжкавата, нават адчувалася разгубленасць і няўпэўненасць у сваіх сілах, але потым усё ўсталявалася, стала на свае месцы.


Як зазначыла Наталля Паўлаўна, “важна ў кожным дзіцяці  бачыць самае добрае, выяўляць лепшыя якасці душы. Галоўнае – стварыць згуртаваную каманду аднадумцаў, зрабіць так, каб кожнаму было ў ёй хораша і ўтульна. Выхавальнік павінен на нейкі час ператварыцца ў дзіця, паспрабаваць яго зразумець, стаць яму сябрам. У дзецях – наша натхненне”. 


Час, праведзены ў “Арлёнку”, праляцеў хутка. Сярод дзяцей і сапраўды адчуваеш сябе ўтульна, напаўняешся энергіяй сасновага водару. Прыемна было пазнаёміцца і з людзьмі, якія едуць на лета ў лагер не ў пошуках лішніх грошай, а каб аддаць душу дзецям. І галоўная плата для іх – шчаслівыя ўсмешкі выхаванцаў.


Наталля ПАЎЛОЎСКАЯ.
 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *