Сцежак невядомых не шукала

Они живут рядом

Жанчыны за рулём аўтамабіля сёння сустракаюцца часта, іх штодзень можна бачыць за рулём уласнага аўто. А вось жанчыну-трактарыстку можна сустрэць толькі ў сельгаспрадпрыемстве “Нізгалава”. Інна Пятроўна Крыпушына працуе тут механізатарам ужо больш як чвэрць стагоддзя і іншай прафесіі для сябе, як кажа сама, не ўяўляе.


Наша сустрэча адбылася выпадкова, у час адкрыцця магазіна ў вёсцы Сокарава, дзе яна і жыве. Убачыўшы журналіста, вяскоўцы не прамінулі папрасіць напісаць пра іх зямлячку, якая нароўні  з мужчынамі працуе на зямлі і пры гэтым застаецца пяшчотнай маці, клапатлівай бабуляй.


Ульскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча Інна Пятроўна скончыла ў 1984 годзе, былі ўсе падставы вучыцца далей, але яна вырашыла застацца ў вёсцы.


— Чаму стала механізатарам?.. – выслухаўшы маё пытанне, на нейкі момант задумалася яна. – Захацела – і стала. Гэта мой выбар, бацькі мне не ўказвалі, кім быць, хаця ў школе я вучылася не горш за іншых. Я лічу, што ў кожнага чалавека ў жыцці ёсць сваё месца, свая палічка, дык вось я — на сваёй. Пра выбар не шкадую. І калі б можна было што змяніць у жыцці, магчыма б, змяніла, толькі не прафесію.


Працаваць трактарысткай нялёгка, а быць даяркай ці цялятніцай лягчэй? – рэзонна заўважае мая новая знаёмая. – Нам, механізатарам, хоць зімой лягчэй, а жывёлаводы на ферме – круглы год…


Інна Пятроўна – маці дваіх дзетак, мае ўнука, якога ёй падарыла дачушка. Дачка ўжо выйшла замуж, зараз жыве ў Маскве, вучыцца завочна ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце, пастаянна прыязджае на сесіі, і тады бабуля ўжо ўволю можа цешыцца ўнукам. Самой жа ў далёкі шлях не выбрацца. І работу не кінеш, і дом.


Сын пакуль побач, вучыцца ў Уле, будзе электрыкам, шафёрам. У маці ён зараз першы памочнік. Усе клопаты па гаспадарцы – за ім. Да працы дзеці вёскі, як вядома,  з дзяцінства прывучаны.


На рабоце, калі трэба, плячо падстаўляюць калегі-мужчыны. Калектыў у гаспадарцы добры, працаздольны, робяць жа адну справу.


Жанчын-механізатараў, як Інна Пятроўна, у краіне не больш за сорак чалавек. Усім ім у 2000-м, а потым і ў 2004 годзе, ад імя Прэзідэнта былі ўручаны ключы ад новых трактароў.
На такім трактары з надпісам.


“Жанчынам зямлі беларускай” і працуе зараз Крыпушына. У гэтыя дні ў гаспадарцы ўжо распачаліся вясенне-палявыя работы. “Інна Пятроўна, — расказвае дырэктар “Нізгалава” Ю. В. Гайдукоў, — ужо працуе на падсеве траў, потым будзе ўносіць угнаенні, весці падкормку азімых”. А там — корманарыхтоўка, уборачная…


У вёсцы заўсёды так: адна работа за другую чапляецца, ні выхадных табе, ні прахадных. Зямля патрабуе гаспадарскага падыходу і клопату, ды ў сезон, калі не ленавацца, і заробіць можна значна больш. Людзі гэта добра разумеюць, таму і стараюцца. “Хто, калі не мы”, — усміхаецца Інна Пятроўна, а ўсмешка ў яе шчырая і прыветлівая. Адразу бачна, што гэтая жанчына — адкрыты, душэўны чалавек, які не па словах ведае цану сялянскай працы і тое, што ў вёсцы ва ўсе часы нельга жыць без стараннасцi, без поту, без працы. А калі яна ў ахвоту, тады і стома — зусiм ня стома.


Такая вось плынь жыцця Інны Пятроўны, трактарыста-машыніста  сельгаспрадпрыемства “Нізгалава”, маці і бабулі, звычайнай жанчыны беларускай вёскі.


— І ў нас жыць можна, — кажа яна. – Калі, канешне, не ленавацца. Дамы будуюць, грошы зарабляем нядрэнныя. А чаго шукаць сцежак невядомых? Тут я на роднай зямлі. Можа таму і праца ладзіцца. А як працуеш, то і дабрабыт прыйдзе ў дом.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *