Чэрвень зноў побач крочыць, Пранікаючы ў кроў. Салаўіныя ночы Распалілі любоў. Тую, што заблукала Дзесьці там у начы, Можа дрэнна кахаў я Ды не змог зберагчы? Толькі вочы прыкрыю — Бачу постаць яе. Голас звонкі дзявочы Салавейкам пяе. Гнуткі мроіцца вобраз, Вось ён быў і няма… Толькі сэрца імкліва Хвалявалась дарма. Як шкада, што не зменіш Богам дадзены лёс. Не вярнецца юнацтва, Плач — не выплачаш слёз. У кароткія ночы Немагчыма заснуць. За вакном незакрытым Салаўі так пяюць! Чэрвень зноў побач крочыць, Пранікаючы ў кроў. Салаўіныя ночы Распаляюць любоў…
Аляксей Філіпаў