Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дырэкцыя па правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, Беларуская дзяржаўная філармонія праводзяць паўторны конкурс на стварэнне песні цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені наступнага года. Заяўкі прымаюцца да 15 мая.
Песні павінны раскрываць тэмы яднання народаў, мірнага спартыўнага спаборніцтва, гасціннасці Беларусі, адлюстроўваць шчырасць і цеплыню краіны, якая прымае ІІ Еўрапейскія гульні. Аўтарамі музыкі і (або) слоў песень на рускай, беларускай і англійскай мовах могуць выступіць як грамадзяне Беларусі, так і замежныя грамадзяне. Адзін удзельнік можа прадставіць не больш за дзве песні.
Заяўкі падаюцца на паштовы ці электронны адрас Беларускай дзяржаўнай філармоніі (220005, Мінск, прасп. Незалежнасці, 50, e-mail:philharmonic@tut.by. Кантактная асоба – Ксенія Кохан, тэлефон +375 17 284 45 34) з пазнакай «Конкурс на стварэнне песні». У пакет матэрыялаў уваходзяць аўдыёзапіс песні, нотны запіс, тэкст на рускай, беларускай ці англійскай мовах. Працягласць музычнага твора для сольнага або калектыўнага выканання – не больш за 3 хвіліны.
Ацэнку песень дасць прафесійнае журы. Пераможцам будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 100, 70 і 50 базавых велічынь (1 БВ складае 24,5 руб.).
З падрабязнасцямі ўдзелу ў конкурсе на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі у 2019 годзе можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры.