Сёлета дваццаты раз МНС праводзіла рэспубліканскі конкурс творчых работ «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Ён арганізуецца штогод з мэтай прыцягнення ўвагі падрастаючага пакалення да пытанняў папярэджання надзвычайных сітуацый і пажараў, у першую чаргу ад дзіцячага свавольства з агнём, навучання непаўналетніх асновам бяспекі жыццядзейнасці і дзеянням у выпадку ўзнікнення пажараў і надзвычайных сітуацый.
Як заўсёды, у конкурсе прымалі ўдзел дзеці ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Юным талентам прапанавалася паспрабаваць сябе ў намінацыях: «Казка», «Аповед», «Верш», «Малюнак», «Плакат», «Выраб», «Скульптура малых формаў» і «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі». Для таго каб патрапіць у фінал — на рэспубліканскі конкурс — трэба было прайсці адбор на школьным, раённым, а затым абласным этапах. І ў адзінаццацікласніцы з Каранеўскай д/сад-СШ Аксаны Гладышавай гэта атрымалася. Заняўшы першае месца на абласным этапе, дзяўчына прадстаўляла сваю работу «Лясная казка», якую яна падрыхтавала разам з настаўніцай Ліліяй Міхайлаўнай Масалавай, на рэспубліканскім этапе. Дадому дзяўчына вярнулася з другім пачэсным месцам і граматай.
Нам жа толькі застаецца павіншаваць пераможцу!