Аграрии Бешенковичского района знают: посевная — самый важный экзаменатор

Актуально В трудовых коллективах Главное

Больш за 70% сельскагаспадарчай тэхнікі падрыхтавана ўжо да веснавой пасяўной кампаніі ў Беларусі. Урад даручыў прыняць меры па забеспячэнні гатоўнасці да 25 сакавіка не менш за 95% наяўнай у сельгасарганізацыях сельгастэхнікі для правядзення вясновых палявых работ. Рамонт трактароў і агрэгатаў актыўна ідзе і ў гаспадарках Бешанковіччыны.

Пасяўны агрэгат даводзіць да ладу Сяргей Бутанаў.

Інжынерныя службы падышлі да справы з усёй  адказнасцю, бо, як вядома, эфектыўная работа
немагчыма без надзейнай тэхнікі. Дапамогу аказваюць самі механізатары. У СУП «Вядзерава», напрыклад, на момант нашага візіту былі адрамантаваны два «КЧ-5,1», «КЧ-4,0» і «КПН-6,0», ішоў рамонт плугоў.

– Таксама ўжо ў спраўным стане «АГП-6Д», які давёў да ладу Сяргей Уладзіміравіч Бутанаў. Агрэгату была неабходна замена ўтулак, загартачоў, сашнікоў і некаторых іншых дэталяў, – паведаміў інжынер-механік гаспадаркі Валерый Віктаравіч Лагун. – Тры трактары з 21 пакуль што няспраўныя. Адзін рухавік знаходзіцца на маторарамонтным заводзе ў Віцебску. У асноўным жа тэхніка аднаўляецца сваімі сіламі: дзесьці трэба рэанімаваць счапленне, падправіць мінулагоднюю афарбоўку ці які іншы дробны рамонт зрабіць.

Адным словам, спраў у мехмайстэрнях хапае. Падрыхтоўка трактароў і розных агрэгатаў патрабуе не толькі значных фінансавых выдаткаў, але і ўпартай чалавечай працы. Што казаць, з фінансамі паўсюль складана, няма такога кіраўніка, у якога б галава не балела, як вырашыць праблему. Зразумела, што зусім без падтрымкі ніводнае сельгаспрадпрыемства не пакінуць (пэўныя сродкі на рамонт тэхнікі гаспадаркам выдзеляць з бюджэту), але ўсё ж, як кажуць, на Бога спадзявайся, ды і сам старайся. Без гнуткай прадпрымальнасці сучаснаму кіраўніку не абысціся. А калі ёсць сродкі і запчасткі ўсе ў наяўнасці, застаецца толькі гаспадарскія рукі прыкласці. Чым, уласна, і быў заняты вядзераўскі працаўнік Аляксей Ігаравіч Дзенісенка. Механізатар завяршаў рамонт даверанай яму тэхнікі, каб культыватар зноў мог быць у страі.

За рамонтам культыватара Аляксей Дзенісенка.

Пакуль рамонтныя работы ідуць згодна з планам. Спадзяёмся, што вясна не прыйдзе знянацку, не стане для аграрыяў нечаканасцю. Наколькі ж якасна падрыхтуюцца сельгаспрадпрыемствы, ацэньваць будзе пасяўная – самы важны экзаменатар.
Марыя САНЬКО.



Теги: