Стало известно, кому достался Кубок Открытого чемпионата Бешенковичского района по мини-футболу

Актуально Спорт

     Паўтара месяца вялікага футбольнага свята праляцелі, як адзін дзень! Адкрыты чэмпіянат раёна па міні-футболе, грандыёзны, непрадказальны, багаты на самыя разнастайныя і яркія эмоцыі, завяршыўся.

Арганізатары чэмпіянату і пераможцы падчас памятнай фотасесіі.

Здаецца, нават абыякавыя да футбола сталі заўзятымі фанатамі і ўспаміны ў іх застануцца назаўжды. Гульні з багаццем забітых галоў, прычым на любы густ, гульні спакойныя ці крыху нават агрэсіўныя, і самыя захапляльныя – сустрэчы спартсменаў Дэпартамента аховы і камунальнікаў, а таксама сілавое дэрбі Дэпартамента аховы і РАУС. Баталіі тут разгарнуліся не на жарты, але ўсё ж засталіся без пераможцы (згулялі ўнічыю).

     Самы ж, напэўна, яркі акорд, вянок турніру – фінал і цырымонія закрыцця, што адбыліся ў ДЮСШ у нядзелю, 17 сакавіка. Запаветны кубак застаўся ў раёне. Футбалісты УКП ЖКГ “Бешанковіцкі камунальнік” заваявалі золата, ФСК “Дзвіна” стаў уладальнікам серабра, а прадстаўнікі Бешанковіцкага АДА ўзялі бронзу Адкрытага чэмпіянату раёна па міні-футболе.

     З самага пачатку камунальнікі былі фаварытамі, паказвалі проста-такі прафесійную гульню. Таму не дзіва, што чэмпіёнскі тытул дастаўся ім, хоць у футболе, вядома, падзеі часта набываюць нечаканае развіццё, але тым цікавей было за імі сачыць.

     У паядынках сёмага, заключнага, тура ДЮСШ прымала на сваім “полі” ФСК “Дзвіна” і РАУС (футбалісты “Дзвіны” разграмілі землякоў з лікам 8:2), Бешанковіцкі РГЗ і Бешанковіцкае АДА (газавікі саступілі праваахоўнікам з вынікам 2:10).

     Лепшым гульцом турніру стаў Ігар Маліноўскі – футбаліст “Бешанковіцкага камунальніка”, які, дарэчы, узначальвае топ 7 бамбардзіраў чэмпіянату (на яго ліку  18 галоў у вароты сапернікаў, 12 забітых мячоў мае ў сваім актыве Аляксандр Прыстаўка з Бешанковіцкага АДА і 11 – прадстаўнік РАУС Дзяніс Каваленка). Лепшым галкіперам аднагалосна прызналі гульца ФСК “Дзвіна” Дзмітрыя Дамарацкага.

     Віншавалі пераможцаў і прызёраў старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў С. В. Бабаед і галоўны спецыяліст райвыканкама, які курыруе пытанні спорту і турызму, В. А. Петухоў. Пасля ўрачыстасці былыя сапернікі, акрыленыя перамогай, і арганізатары мерапрыемства сабраліся на памятную фотасесію.

     …Даўно ўжо змоўклі апладысменты, што так шчодра дарылі заўзятары сваім любімым спартсменам, але менавіта такім – яркім і поўным запалу, супрацьлеглых эмоцый і супрацьстаяння гульцоў, гледачоў – запомніцца чэмпіянат 2019, калі на футбольным полі сабраліся самыя-самыя сапраўдныя аматары гэтага віду спорту.

Марыя САНЬКО



Теги: