На сессии Бешенковичского районного Совета депутатов обсудили, как идёт подготовка к празднованию юбилейных дат

В райисполкоме К 75-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков Общество

«Наш абавязак – памятаць пра подзвіг народа, які здолеў выстаяць у самай жорсткай у гісторыі чалавецтва вайне, праяўляючы пры гэтым да герояў, якія прынеслі Вялікую Перамогу, максімум клопату». З гэтых слоў на 16-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання, на разгляд якой выносілася пытанне «Аб рабоце, якая праводзіцца райвыканкамам і сельскімі Саветамі дэпутатаў па падрыхтоўцы святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», пачаў свой даклад намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М. А. Заблоцкі.

На сесію былі запрошаны кіраўнік раёна А. А. Булаўкін, члены райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, а таксама прадстаўнікі Маладзёжнай палаты. Перад пачаткам абмеркавання пытання быў прадэманстраваны фільм усім вядомага фатографа, былога супрацоўніка рэдакцыі газеты «Зара» Л. М. Акулёнка.

Мноства фотаздымкаў, прадстаўленых у відэароліку, у чарговы раз сталі пацвярджэннем таму, што памяць пра Вялікую Айчынную вайну, нягледзячы на мінулыя дзесяцігоддзі, застаецца жывой. Адданасць ёй захоўваюць у кожнай беларускай хаце, у кожнай сям’і. Яна аб’ядноўвае пакаленні і натхняе на здзяйсненні. Менавіта таму 75-годдзе вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі ў раёне рыхтуюцца адзначыць урачыста і маштабна. На працягу 2019–2020 гадоў плануецца правесці мноства святочных мерапрыемстваў, галоўнымі героямі якіх будуць, вядома ж, ветэраны вайны. Зноў і зноў у іх адрас прагучаць словы ўдзячнасці за вялікі подзвіг.

Сёння на тэрыторыі раёна пражываюць 15 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: 6 удзельнікаў вайны, 4 інваліды вайны, 4 узнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 1 блакаднік. 29 чалавек з’яўляюцца пацярпеўшымі ад наступстваў вайны.

– Ветэраны – асобая катэгорыя людзей, – адзначыў М. А. Заблоцкі. – Мы стараемся сачыць за тым, каб кожны ў поўным аб’ёме атрымліваў гарантаваную сацыяльную падтрымку, матэрыяльную дапамогу. На пастаянным кантролі органаў улады знаходзіцца вырашэнне пытанняў сацыяльна-бытавога абслугоўвання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сумесна з зацікаўленымі службамі рэгулярна праводзіцца комплекснае абследаванне ўмоў пражывання ветэранаў, супрацьпажарнага і тэхнічнага стану іх жылых памяшканняў. Па выніках абследаванняў заяўленыя праблемы сістэматызуюцца, прымаюцца меры па іх аператыўным вырашэнні.

Ветэраны знаходзяцца пад апекай медыцынскіх устаноў. Урачы і медсёстры да гэтай катэгорыі пацыентаў, без перабольшання, ставяцца як да родных. У гэтым годзе, як і ў папярэднія, працягваюцца абавязковыя агляды стану здароўя ветэранаў. Кожнаму з іх прапануецца стацыянарнае лячэнне з дастаўкай у ЦРБ транспартам бальніцы. У выпадку адмовы ад стацыянарнага абследавання праводзіцца камісійны агляд дома з правядзеннем магчымых дыягнастычных мерапрыемстваў. Рашэннем райсавета дэпутатаў для ветэранаў прадугледжана льгота на аплату за сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца ТЦСАН у форме хатняга абслугоўвання.

Актыўны ўдзел у асвятленні святочных мерапрыемстваў прымаюць сродкі масавай інфармацыі. У раённай газеце «Зара» і на сайце выдання дзейнічаюць рубрыкі «Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «Яны жывуць побач», «Яны набліжалі Перамогу», «Памяць» і іншыя. Матэрыялы, прысвечаныя святкаванню 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь і Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 74-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прысутнічаюць і на афіцыйным сайце раённага выканаўчага камітэта. Тут таксама змешчаны спісы загінуўшых і пахаваных на тэрыторыі раёна воінаў, якія па меры неабходнасці абнаўляюцца. За 2018 год устаноўлена 8 прозвішчаў, якія раней лічыліся невядомымі.

На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна знаходзяцца 88 воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай славы. З іх 33 брацкія і 15 індывідуальных магіл. Кожнае на асаблівым кантролі. Спецыяльная камісія яшчэ раз правядзе «рэвізію» ўсіх месцаў пахаванняў. Там, дзе ёсць неабходнасць, навядуць парадак.

Ужо вядома, што ў гэтым годзе будзе праведзены рамонт індывідуальных магіл савецкіх салдат у вёсцы Вядзерава, брацкіх магіл па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бешанковічах і ў вёсцы Узрэчча. Добраўпарадкавана будзе і індывідуальная магіла невядомага салдата па вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку Камоскі.

Вялікая работа ў раёне праводзіцца па ўвекавечанні воінскіх пахаванняў і імёнаў салдат, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Усяго на Бешанковіччыне пахавана 2792 чалавекі, з іх 2278 вядомых, 514 – не. У мінулым годзе ўдалося ўвекавечыць брацкую магілу ў вёсцы Сокарава, 3 індывідуальныя магілы ў вёсцы Вядзерава і імёны 33 пахаваных воінаў (3 вядомыя, 30 невядомых). У цяперашні час устанаўліваюцца звесткі пра 11 загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Доўгае, вядзецца работа па пастаноўцы на ўлік брацкай магілы ў в. Замошша і ўвекавечанні 5 загінуўшых.

Святкаванне 75-годдзя вызвалення Беларусі ў нашым раёне пройдзе пад агульнай канцэпцыяй, якая адлюстроўвае адзінства нашага народа. Дзякуючы шматлікім акцыям многія прыдзвінцы адчуюць сваё дачыненне да маштабнага свята. Бясспрэчна, значная частка мерапрыемстваў будзе накіравана на клопат пра ветэранаў. Гэта і ўручэнне ім памятных падарункаў, і ўзнагароджанне Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў, райвыканкама, аблвыканкама, і правядзенне дабрачынных акцый «Добрае сэрца – ветэранам», «Ваша Перамога – наша свабода», «Клопат», «Міласэрнасць», «Ветэран жыве побач», і многія іншыя. У спісе святочных мерапрыемстваў – ўручэнне ветэранам юбілейных медалёў «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў».

«Прыбяруцца» да знакавых дат населеныя пункты Бешанковіччыны. Установы культуры возьмуць на сябе паказ мастацкіх, хранікальна-дакументальных, кіна- і відэафільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, выпуск сувенірнай прадукцыі. Многія культурныя і спартыўныя мерапрыемствы будуць прысвечаны важным падзеям.

У асаблівым шэрагу стаяць патрыятычныя акцыі, бо яны ідуць ад самага сэрца, служаць выхаванню ў моладзі адказнасці за будучыню Радзімы. На думку начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама С. Л. Салоха, выступіўшай у спрэчках па дакладзе, першае правіла, якое павінен выконваць педагог, – распавядаць пра вайну не толькі як пра вялікую гістарычную падзею, тым самым пераводзячы яе ў разрад «адной з тэм у падручніку», а як пра падзею, у якой удзельнічалі жывыя людзі з жывымі лёсамі. Менавіта таму так важна, каб дзеці сустракаліся з ветэранамі, разам з дарослымі рабілі паходы па месцах баявой славы.

Свой пункт гледжання наконт наведвання памятных месцаў выказаў старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў. Наша бешанковіцкая зямля стала апошнім прытулкам для салдат з розных куткоў былога Савецкага Саюза. Таму, па словах Генадзя Міхайлавіча, магчымасць пабываць на любым з воінскіх пахаванняў павінен мець кожны, у тым ліку і замежныя госці, якія пажадалі ўшанаваць памяць гераічна загінуўшых у гады вайны суайчыннікаў.
Несумненна, правядзенне запланаваных мерапрыемстваў на высокім узроўні будзе спрыяць захаванню памяці аб мужнасці і гераізме нашага народа, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Важна, каб ніхто не застаўся ўбаку.

Святлана ВАРОШКА



Теги: